Музей Васiля Быкава ў Гароднi

Рашэнне аб стварэнні музея Васіля Быкава ў Гародні аднадушна было прынята 7 ліпеня 2003 года на сходзе Гродзенскага гарадскога грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны, працы і ўзброеных сіл па прапанове ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Дамовіліся размясціць музей у офісе аб’яднання па вуліцы Савецкай (дом 31, комната 12). Пакойчык невялікі і для музея цеснаваты, але іншай плошчы ветэраны не мелі. Абавязкі кіраўніка музея аб’яднанне ўсклала на старшыню сваёй Рады ветэрана вайны, дацэнта Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Я.Купалы Мельнікава Мікалая Аляксандравіча, чалавека энергічнага і няўрымслівага рупліўца на ніве беларускага адраджэння.

Гэта, па-сутнасці, першы крок на Гродзеншчыне па ўвекавечанню памяці нашага вялікага земляка, сусветна вядомага пісьменніка.

Прызначэнне музея Васіля Быкава шматграннае, але найпершай і галоўнай задачай, абавязкам мы лічым зрабіць музей і яго працу своеасаблівым цэнтрам і асяродкам культурна-асветніцкай, літаратурнай і краяведчай дзейнасці на Прынёманшчыне па дастойнаму ўвекавечанню памяці вялікага пісьменніка і грамадзяніна нашай эпохі.

Праз розныя формы працы мы будзем імкнуцца найбольш поўна раскрыць людзям веліч Васіля Быкава для Бацькаўшчыны, зрабіць агульна вядомымі асноўныя старонкі і вехі яго жыцця і творчасці і такім чынам садзейнічаць хоць у нейкай ступені фарміраванню ў людзей такіх якасцей і каштоўнасцей як гуманізм і чалавечнасць, праўдалюбства і справядлівасць, патрыятызм і высокая грамадзянскасць, адказнасць перад сваім сумленнем, якія так высока цаніў, якімі даражыў Быкаў, дзе б яны ні праяўляліся - на вайне ці ў мірным жыцці.

Наш святы абавязак сказаць і давесці людзям, асабліва моладзі ды іншыя гарадзенцам, што Гародня - горад Быкава, дзе ён пражыў амаль чвэрць стагоддзя і дзе напісаў не толькі свае першыя апавяданні, але ці не бальшыню сваіх цудоўных сусветна вядромых твораў. Тут ён стаў Героем працы, лаурэатам Ленінскай, дзяржаўнай і інш.прэмій. Таму наша мэта і задача не аддаць забыццю імя слыннага гарадзенца і славутага пісьменніка сучаснасці. Мы будзем рабіць усё неабходнае, каб яго постаць, жыццё і творчасць сталі прадметам цікавасці ўсіх і на яго прыкладзе раслі і выхоўваліся нашы сучаснікі.

Дзейнасць музея В. Быкава — гэта хоць і невялікая, але ўжо свая гісторыя. Бо за гэтыя 2-3 гады яго фарміравання і працоўнага шляху на яго рахунку шмат добрых спраў і набыткаў. У асноўным завершана афармленне экспазіцыі і музей папоўніўся многімі новымі матэрыяламі. Але калі заглянуць у самы пачатак, то музей такі у нас з’явіўся не выпадкова, а стаў працягам працы па падтрымцы В.Быкава як пісьменніка-патрыёта яшчэ пры яго жыцці. Наша аб’яднанне ўжо з самага пачатку свайго існавання актыўна выступала ў абарону і падтрымку вялікага сына зямлі беларускай. Пра гэта сведчаць нашы шматлікія пісьмы, звароты, публікацыі ў прэце супраць знявагі народнага пісьменніка, вястуна праўды і людской справядлівасці. Сярод іх публікацыі: "Васіль Быкаў - сумленне нацыі", "Рукі прэч ад Васіля Быкава", "Яго творы даюць ратаванне" і інш. Двойчы выступалі ветэраны з прапановай вылучыць В.Быкава на Нобелеўскую прэмію". Пра ўсё гэта цяпер сведчаць стэнды экспазіцыі музея.

Жыццёвы і творцы шлях В.Быкава раскрыты на стэндах экспазіцыі "Васіль Быкаў - сумленне і гонар нацыі", "Васіль Быкаў на Гродзеншчыне", "На малой Радзіме вялікага сына" і іншых.

Сярод экспанатаў музея прыцягваюць увагу наведвальнікаў многія асабістыя дакументы пісьменніка і лісты як яго, так і да яго, чарнавыя рукапісы ягоных твораў, асабістыя рэчы пісьменніка - сярод іх кававарка, аўтаручкі і інш.

Вялікую дапамогу музею па збору матэрыялаў аказала жонка пісьменніка Ірына Міхайлаўна, яго сыны, а таксама сябры, пісьменнікі, журналісты, навукоўцы.

А цяпер аб асноўных напрамках працы

Хоць цяпер шмат клопату по пошуку новых матэрыялаў і ўдасканаленню разгорнутай экспазіцыі, мы вызначылі асноўныя накірункі яго работы з людзьмі па ўвекавечанню памяці В.Быкава і выкананню канкрэтных намечаных мерапрыемстваў ажыццяўлення праекта. Вось некаторыя з іх:
- сумесна з бібліятэкай аб’яднання "Спадчына" правядзём чытацкую канферэнцыю па кнізе В.Быкава "Доўгая дарога дадому";
- разам з сябрамі аб’яднання і з удзелам навукоўцаў, пісьменнікаў, журналістаў зладзім дыскусію на тэму "Высокая грамадзянскасць і чалавечнасць Быкава - прыклад у спадчыну нам";
- сустрэча наведвальнікаў музея з народным паэтам Беларусі і сябрам Васіля Быкава Рыгорам Барадуліным і размова пра яго кнігу паэзіі "Ксты", прадстаўленую на прысваенне яму звання лаурэата Нобелеўскай прэміі;
- сумесна з настаўнікамі мовы і літаратуры правядзём чарговы вольны конкурс сачыненняў па творах В.Быкава;
- арганізуем паездку на малую Радзіму пісьменніка В.Быкава з мэтай сустрэч з яго роднымі, блізкімі і землякамі, запісу іх успамінаў і збору матэрыялаў;
- намячаем правесці ў Гародні віктарыну па пытаннях, звязанных з жыццём і творчасцю В.Быкава, удзельнічаць у якой могуць усе жадаючыя гарадзенцы;
- правядзенне конкурса малюнкаў, ілюстрацый мастакоў Гародні пад назовам-дэвізам "Любімыя героі быкаўскіх твораў".

Мы звярнуліся да мясцовых уладаў з просьбай-хадайніцтвам аб тым, каб у Гродна была ўстаноўлена мемарыяльная дошка хоць на адным з дамоў, дзе жыў В.Быкаў, названа яго імем вуліца ў горадзе, а таксама было прысвоена гэтае імя адной са школ Гародні. Калі гэта і многае іншае будзе зроблена, то можна будзе ўжо гаварыць аб нейкай выніковасці нашай працы. Мы не трацім надзеі, што лёд урэшце скранецца... Таму сведчанне -рост цікавасці да музея і асобы Васіля Быкава многіх людзей розных узростаў і прафесій. Вядома, першымі наведвальнікамі музея В.Быкава сталі людзі старэйшага ўзросту, каму не абыякава памяць аб вялікім сыне беларускага народа. На экскурсіі ў музей прыходзяць таксама вучні школ, нярэдка ўсім класам, студэнты ўніверсітэтаў, служачыя і рабочыя, нават прадпрымальнікі.

Па тэматыцы твораў В.Быкава працуюць некалькі школьных літаратурных гурткоў, два клубы "3 Быкавым у сэрцы". У кнізе водгукаў ёсць ужо і першыя запісы наведвальнікаў музея. Усе яны ўхваляюць першыя крокі па стварэнні музея В.Быкава ў Гародні і сцвярджаюць, што такі пісьменнікі варты ўсенароднай любові і пашаны.

Музей правёў ужо сярод школьнікаў першы конкурс сачыненняў па творах В.Быкава і як памечана вышэй будзе праводзіць іх і надалей. Музей таксама будзе шырока практыкаваць чытацкія канферэнцыі, якія дапамогуць чытачам усведамляць найболып актуальныя праблемы, што ставіць В.Быкаў у сваёй творчасці.

Для нармальнага функцыянавання музея В. Быкава неабходна матэрыяльная дапамога і патрэбнае абсталяванне.
1. Перш аплата арэнды памяшкання...
2. Узнагароджанне супрацоўнікаў музея: кіраўнік музея, захавальнік фонда, навуковы кансультант і экскурсавод.
3. Папаўненне бібліятэкі музея і набыццё кніг В.Быкава і інш.
4. Набыццё неабходнага тэхнічнага абсталявання: музычны цэнтр, магнітафон для запісу і захавання ў фондах музея сустрэч, гутарак і выступаў найбольш цікавых людзей, якія добра ведалі В.Быкава, дыктафон для запісу цікавых матэрыялаў для выкарыстання іх затым у прэсе і на радыё.