1 2 3

Васілю Быкаву сёння споўнілася б 85 год...

Яшчэ шэсць год таму ён быў з намі, на тутэйшай зямлі, а цяпер - у лепшым свеце. Тут засталіся толькі ягоныя творы і памяць пра Васіля Уладзіміравіча - тых тысяч людзей, якія мелі шчасце з ім бачыцца, гаварыць, і тых мільёнаў, якія знаёміліся з пісьменнікам праз кнігі.

Пісьменнік не глядзеў на народ згары, як прарок (хаця такім яго многія называлі і пры жыцці і пасля смерці), ён не клікаў ні ў светлую будучыню, ні ў "залатыя вякі" мінулага. Васіль Уладзіміравіч агучваў тое, што баліць кожнаму беларусу. Гаварыў пра самую галоўную трагедыю ХХ стагоддзя - страшнае ліхалецце 1941-1945 гадоў. Пісаў пра народную вайну - народную праўду: не тое, што было прыдумана пасля партыйнымі гісторыкамі і ідэолагамі, а тое, што бачыў і перажываў сам, што пачуў ад людзей. І народным пісьменнікам быў не толькі паводле звання, заслужана нададзенага ў 1980 годзе, а такім быў прызнаны людзьмі, чытачамі.

Жывы класік

Праз год ці два пасля таго, як не стала Васіля Уладзіміравіча, неяк давялося трапіць у незвычайную вандроўку ва Ушацкі раён - у родныя мясціны класіка. Аўтобус вёз з Мінска ў Бычкі - вёску, дзе нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч. Глухая гэта мясціна - сорак кіламетраў ад райцэнтра. І людзей тут усё менш становіцца. Я тады яшчэ падумаў: з якой жа глыбінкі выйшаў чалавек, па якім увесь культурны свет сёння пазнае Беларусь!

Стоячы ў задуменні, раптам пачуў побач замежную гаворку, а потым тыя, што размаўлялі, нешта сказалі па-руску. Я абярнуўся: стаяла маладая пара з падлеткамі, усе выглядалі на заходні манер. Я пацікавіўся, адкуль яны: мо турысты - тады была б выдатная журналісцкая знаходка. Спадар прадставіўся: Стэфан Эрыксан, консул каралеўства Швецыя ў Мінску. Цяпер пан Эрыксан - паўнамоцны пасол скандынаўскай краіны ў нашай дзяржаве. І гаворыць свабодна па-беларуску. А ў Бычкі ён прыехаў тады невыпадкова: адсюль пачынаў знаёміцца з Беларуссю, на творах Быкава вучыўся мове...

Помню, і ў мяне адной з першых кніг, прачытаных на роднай мове, быў быкаўскі "Абеліск", з серыі "Школьная бібліятэка". З той пары калі дзе каля дарогі ўбачу помнік з зоркай - адразу згадваю Быкава. Бо слова "абеліск" трывала ўвайшло ў свядомасць як сінонім імя пісьменніка.

Так названа кніга вершаваных прысвячэнняў вялікаму сыну Беларусі, народнаму пісьменніку Васілю Быкаву. Ідэя выдання кнігі (Мінск, "Кнігазбор", 2009 г.) належыць стваральнікам адзінага ў краіне недзяржаўнага музея славутага земляка ў Гродне і, у першую чаргу, няўрымсліваму энтузіясту, былому партызану і франтавіку Мікалаю Аляксандравічу Мельнікаву.

Народная воля
Пасля прачытання "Знака бяды", у класе дзесятым ці адзінаццатым, мяне наведала ідэя запрасіць самога аўтара ў школу. Не памятаю ўжо, дзе дастаў хатні тэлефон Васіля Уладзіміравіча, але пазваніць і спытацца, ці гэта сапраўды са мной гаворыць Ён, я доўга не адважваўся. Здавалася, што на тым канцы провада адкажа хтосьці з Алімпа. А падняў трубку звычайны чалавек. Ён адразу папрасіў выбачэння, што хутчэй за ўсё не зможа прыйсці на сустрэчу з чытачамі, бо не надта добра пачуваецца. Але я насмеліўся і перапытаў: "Мо калі я праз тыдзень пазваню, вы будзеце не супраць да нас завітаць - натуральна, калі дасць Бог здароўя?" На шчасце, пасля некалькіх такіх спроб угаварыць пісьменніка я здолеў зладзіць спатканне з ім у школе.

1 2 3