Мертвым не балиць, частка 1

– Ну што! Ага, самі ўліплі! – учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.

  – Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..

  – Ану, спыняй балбатню! – загадваю я кулямётчыку.

  Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:

  – Васілевіч, доўга цябе чакаць?

  – Іду, іду!

  Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы – і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.

  Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца ваш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.

  – Ну, як галава? – зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.

  – Ды нішто.

  – А вушы? Спякліся, мабыць?

  – Трошкі, – насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.

  – Пойдзеце ў санчасць, – кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.

  Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.

  – Таварыш капітан, – спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць – бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.

  – Пойдзеш у тыл. Усё роўна з такой галавой – не ваяка...

  – Дык у роце нікога не застаецца. Вы ж ведаеце.

  – Ведаю. Заўтра Басмак прыйдзе. А пакуль старшына Дарафееў пакамандуе.

  Вядома, наш старшына можа пакамандаваць і сёння, і заўтра, чалавек ён сталы і страляны, і ўсё ж мне зусім не хочацца пакідаць роту і выпраўляцца ў санчасць. Калі б ён паслаў мяне на які дзень раней, хоць бы мінулаю ноччу, калі мы мерзлі пад агнём у снезе пасля няўдалае атакі. А то лацно яму ставіць на роту старшыну, калі часці ўваходзяць у прарыў, мінаюць нямецкія флангі, і ўжо вунь ён, Кіраваград. Удзень з Севярынкі мы бачылі яго прыгарады, дымы пажараў і высокія будынкі, якія штурмавалі нашыя «ІЛы».

  – Вось з Кротавым і пойдзеце, – кажа камбат, ківаючы галавоЙ на камандзіра шостае роты. Той стаіць чорны, быццам зямля, і не пазірае на людзей. – Ды яшчэ гэтых субчыкаў прыхопіце. Заадно. Каб канвойных не пасылаць.

  Гэта ён пра трох немцаў, якія стаяць адзін пры адным, цесненька збіўшыся ў купку і страхавіта пазіраючы наўкола. Адзін з іх проставалосы, без шапкі, малады хлопец-крапак, другі без шыняля, у мундзірчыку, з абвіслымі кішэнямі і вялікімі, амаль прафесарскімі, акулярамі на блізарукіх вачах. Трэці – нізкі, таўставаты стары прастуджана сморкае распухлым чырвоным носам. «Вясёлая кампанія, нішто сабе, чорт бы яе ўзяў!» – пачынаючы злавацца, думаю я. Удружыў камбат, нічога не скажаш. Камбат жа, здаецца, не прыкмячае мае незадаволенасці, таксама, як і змрочнае паставы Кротава, і дастае з кішэні дзюралевы партабак, густа аздоблены адмысловай разьбой.