Мертвым не балиць, частка 1

  – Частуйцеся, старшына, – працягвае ён партабак да Шашка.

  Той не прымушае сябе ўгаворваць, ступае на крок і ўпэўненым жэстам бярэ папяросу. Пасля да партабака цягнецца рукой начштаба. Кротаў з-пад насупленых броваў бліскае злым позіркам і, як мне здаецца, трудна, асуджальна ўздыхае. Нам папярос камбат не прапануе. Яны ўтрох моўчкі прыкурваюць, і старшына, адставіўшы ўбок абутую ў нямецкі валёнак нагу, праз дым узіраецца ў мяне адным вокам.

  – Ты што ж гэта, младшой, з такім скрыпам загад выконваеш?

  Я коратка зыркаю ў ягоны самазадаволены начальніцкі твар і, стрымліваючы ў сабе злосць, маўчу. Якая ў яго, урэшце, справа і хто ён такі, каб рабіць мне заўвагі?

  Кротаў, якога, відаць, дапякаюць свае турботы, нервова паварочваецца да камбата.

  – Дык мне што? Роту здаваць, ці як?

  Камбат моршчыць лоб і старанна раскурвае папяросу.

  – Ну, чаму здаваць? Што гэта вы ўжо... Адразу ў паніку...

  – Роты пакуль не здаваць, – упэўнена аб’яўляе старшына, і камбат таропка папраўляецца:

  – Так, пакуль не здаваць. Няма такога загаду здаваць.

  – Дзела яснае, – змрочна ўздыхае Кротаў. – Дзела яснае, што дзела цёмнае. Ну і чорт з ім! Хай!

  Ён адчайна лаецца і адыходзіць убок, сваім выглядам даючы зразумець, што абыякавы да ўсяго і не баіцца нічога. Камбат устае з капца і выцягвае голаў, зазіраючы ў хвост калоны.

  – Ну, дзе там Касенка? Не дачакаешся!

  Касенка, якога ён чакае, камандзір узвода разведкі, і я пачынаю думаць, што, можа, і яго пашлюць з намі ў тылы палка. 3 Касенкам, вядома, было б весялей, хлопец ён таварыскі і гаваркі. Толькі ці накіруюць яго ў тыл: цяпер, калі ідзе наступленне.

  Тым часам над стэпам пачынае прыкметна цямнець. Сціхае ад самалётнага гулу зімовае неба, больш чутны робіцца шорхат кукурузы на ветры. На ноч бярэцца мароз, і я настаўляю каўнер свайго шынялька – вушы хоць і прыхаваны пад бінты, але памалу заходзяцца ад сцюжы.

  Камбат чакае. Аднак замест Касенкі на дарозе з’яўляецца разведчык. Зухавата ляснуўшы абцасамі, ён спыняецца за пяць крокаў перад начальствам.

  – Таварыш капітан, лейтэнант Касенка каня не даюць. Камбат шчыра дзівіцца.

  – Як гэта не даюць?

  – Не даюць, і ўсё. Кажуць, хутар трэба разведаць. Хутарок там наперадзе.

  – Хутар, хутар! Во і на гэтым разведае, – тыцкае ён на мухортага старшыновага коніка. – Чым не рысак! А то вылупляецца яшчэ! Тожа мне кавалерыст!

  Разведчык пераступае з нагі на нагу, на ягоным круглявым расчырванелым твары наіўная збянтэжанасць – маўляў, мне што: лейтэнант не дае, а я тут пры чым? Але камбат, здаецца, гэтага не разумее і, нахмурыўшы вочы, строга глядзіць на байца.

  – Яны кажуць, хай старшына Шашок на сваім здыхляку і ездзіць, калі лепшага не ўмеюць прыдбаць.

  – Вы мне пакіньце гэтыя разгаворчыкі! – злуецца камбат і з сілай пырае бадылінай у снег. – Я загадваю! А яго дзела выконваць. Паняў?