Мертвым не балиць, частка 1

  – Я-то паняў, – ахвотна згаджаецца разведчык.

  – Дык выконвайце! – амаль што крычыць камбат.

  Побач стаяць, слухаючы гэтую не зусім звычайную сварку, байцы, немцы. То на камбата, то на разведчыка водзіць вачыма старшына, я цярпліва чакаю і думаю, што Касенкаў конік, відаць, ужо здох. А нішто сабе быў трафейны скакунок у белых панчошках на пярэдніх нагах! Аднак мінуў час – адкрасаваўся на ім наш спрытны ўзводны. Калі ўжо гэтым у вочы кінулася, дык пішы прапала, ураз адбяруць. Не ведаю, як на што другое, а на такія штукі яны майстры.

  Збоку тайком я пазіраю на старшыну, той строга падцінае недарэчна тонкія на мясістым твары вусны, і нешта рашучае з’яўляецца ў ягоных вачах. Тут жа ён паварочваецца да мяне.

  – Ладна, вы ідзіце. Бярыце тых, – ківае ён на немцаў, – і ідзіце напрамкі. Я даганю.

  Ён даволі па-таварыску кажа гэта, і я не ведаю, як разумець яго: ці то як заяўка на сяброўства, ці мо ён лічыць мяне за старшага. Але ж Кротаў старшы па званню, і пасада ў яго сталая, не тое што ў мяне – часовага ротнага. Я запытальна пазіраю на камбата, той незадаволена кідае: «Ідзіце», і я паварочваюся да акалелых немцаў.

  – Ану, марш! Марш, фрыцукі пархатыя!

  

  

  Праз хвіліну мы ідзём у кукурузе па каляінах ад добра ўціснутых у снег танкавых гусеніц: Кротаў і я – па правай, а трое немцаў побач – па левай. Кротаў, відаць, ніяк не можа змірыцца, што знялі з роты, і злосна лаецца. Гнеў яго, як і заўжды, мае канкрэтны адрас і цяпер скіраваны на нашага камбата.

  – Абармот! Лакейская морда...

  Немцы пакорліва тупаюць побач. Акулярысты ў мундзірчыку – наперадзе, за ім той, што без шапкі – ваўкаваты і чарнабровы хлопец, з твару зусім не падобны на немца. Стары з натугай шкандыбае ззаду, часам адстае, усё шморгаючы вялікім прастуджаным носам. У палон ён добра падрыхтаваўся, адразу відаць гаспадарлівага чалавека – на дзязе лязгае кацялок, фляжка, цераз плячо перакінута згорнутая ў скатку коўдра, на баку вісіць падобная на паляўнічы ягдташ брызентавая сумка. Не дзіва, што і адстае, гэтак нагружаны, і я, час ад часу азіраючыся, са знарочыстай злосцю прыкрыкваю:

  – Шнэль, шнэль, фрыц!

  Пярэдні ў акулярах тады паварочваецца і, нібы старшы сярод іх, нешта гергеча на апошняга. Я разумею толькі:

  – Шнэлер, камарадэ...

  Стары трохі прыспешвае хаду, целяпаючы заснежанымі поламі доўгага шыняля, і бурчыць паціху. Здаецца мне, у тым сэнсе, што, маўляў, добра табе, маладому, лёгка апранутаму, а я прыстаў ужо, хачу закурыць ды і наогул па самае горла сыты і вайной і вашым фашызмам. Гэта зусім натуральна ўчуць ад яго, бо ўжо сорак чацвёрты год і немцы на фронце не тыя, што былі ў сорак першым. Але акулярысты не дужа зважае на яго буркатню і з камандзірскаю строгасцю падганяе:

  – Шнэлер, шнэлер...

  Гэты пярэдні, нетаропка-разважлівы і нечым падобны на унцера, хоць мундзір на ім без усялякіх адзнак. Твар у яго прадаўгаваты, у меру хударлявы, з моцнаю ніжняй сківіцай. Пад тоўстымі шкельцамі акуляраў – насцярожаныя, але, здаецца, памяркоўныя, без злосці вочы. Той жа, проставалосы, што ідзе за ім, неяк дужа змрочна панылы. За ўвесь час ён не сказаў ніводнага слова і, здаецца, ні разу не зірнуў ні на кога.