Мертвым не балиць, частка 1

  Кротаў з выгляду зусім абыякавы да палонных і то памаўчыць, то зноў пачынае лаяцца.

  – Чуць што з палка – і ён ужо на заднія лапкі. Сваёй ён думкі не мае.

  Мне здаецца, што гэта дарма. Не такі ўжо наш камбат і лёкаяваты, якім яго ўяўляе цяпер пакрыўджаны ротны – проста перад старшымі пасуе крыху, як і многія ў арміі. Жадаючы трохі змякчыць яго гнеў, я абнадзейваю Кротава:

  – Можа, не затрымаюць доўга, – кажу я, маючы на ўвазе палкавы штаб, куды яго выклікаюць. – Разбяруцца, і заўтра ў роце будзеце.

  – А мне напляваць! Хай затрымліваюць. Што, мне ў тыле горш, чым на перадавой? Я пра тое, чаго яны чапляюцца па-дурному.

  – Бдзіцельнасць...

  – Бдзіцельнасць! Г... гэта, а не бдзіцельнасць. Яму рабіць няма чаго, таму бабніку, вось ён і прычапіўся. Ну, улезлі ў вёску, не разгледзелі, не разведалі. Дык што ж? Што тут злачыннага? Ніводнага чалавека не загубілі. Хіба лепш, каб у стэпе паўроты абмарозілася? Ці як гэты дурань Сараф’янаў за два дні ўсю роту палажыў... – разважае Кротаў, ужо не азіраючыся на мяне.

  Я маўчу, трымаючы пад пахай свой ППС ды цікуючы за ботамі ротнага, якія рушаць акуратна спрасаваны ў снезе гусенічны след. Хада ў Кротава энергічная і лёгкая, як у загартаванага пехацінца. Старшы лейтэнант не прызнае паўшубкаў і з восені гойсае ў туга перацягнутай рамянямі ватоўцы. На руках у яго цёплыя аўчынныя рукавіцы на матузку, перакінутым цераз шыю, і ён у злосці шырока жэстыкулюе імі.

  – Загадана было атакаваць, ну і атакаваў, пакуль восем чалавек не засталося. Нябось яго за гэта ў штаб не цягаюць!

  Так, за гэта, мабыць, не пацягнуць, думаю я. Наадварот, яшчэ могуць даць ордэн за ўпартасць і настойлівасць пры выкананні загаду. Каму там разбірацца, што гэты Сараф’янаў набіты дурань і гарлапан, што яго даўно трэба пагнаць з батальёна куды-небудзь на гаспадарчы ўзвод. Але камбат наш усё ж не такі, увогуле ён нядрэнны камандзір, не крыкун і не баязлівец. Хіба што залішне цягнецца перад начальствам. Дык што ж: пра такіх кажуць – дысцыплінаваны.

  Кротаў, нібы угадаўшы мае думкі, пярэчыць:

  – Дысцыплінаваны! Дайшоў да чаго – перад нейкім там старшыной рассыпаецца, папяросачкамі частуе. Забыўся, мабыць, што і капітан, што і камандзір батальёна. I хто гэты старшына? Халуй, і ўсё.

  Гэта сапраўды непрыемна, і тут я не знаходжу, чым можна было б абараніць капітана. Хіба тым, што здарэнне з шостай ротай не можа не адбіцца і на ўсім батальёне. Камбат, відаць, разумее гэта і, можа, не зусім упэўнена адчувае сябе.

  На завароце танкавай каляіны я азіраюся. Мы прайшлі па кукурузе ўжо далекавата, батальённая калона без следу і гуку знікла ў вячэрнім стэпе. Шашка чамусьці нідзе не відаць. Ну, але старшына дагоніць, гэта не цяжка, бо мы ўвесь час ідзём па добра прыкметным шляху, а ноч будзе, напэўна, відная. Яшчэ не паспела сцямнець, як на бясхмарным марозным небе ва ўсё сваё поўнае вока свеціцца цыганскае сонца – месяц. Горш вось, што трэці, стараваты, немец увесь час адстае, відаць, добра ўмарыўся ўжо і на маё строгае «шнэль» не дужа рэагуе. Тады я гукаю Кротаву: «Стой!» Трэба пачакаць, бо ўсё цямнее, і я, прызнацца, патроху непакоюся, каб гэты стары куды не зашыўся. Старшы лейтэнант незадаволена спыняецца, ахвотна прыпыняюць хаду немцы, і ўсе мы чакаем, пакуль даграбецца ў каляіне іх камарад. Кротаў, мусіць, трохі ўжо прымірыўся з маім камандзірствам і падпарадкуецца. Мне, аднак, няёмка перад ім, старэйшым, і, каб змякчыць гэту няёмкасць, я дастаю з кішэні два сухары.