Мертвым не балиць, частка 1

  – Хочаце? Пагрызіце.

  Снедалі мы на золку аж у Севярынцы і ўжо добра ўгаладаліся за дзень. Пэўна, з гэтай прычыны сухар здаецца надзіва смачны, я чую, як Кротаў з асалодай адкусвае, і з паўхвіліны мы засяроджана хрумстаем жорсткія кавалкі. Пасля міжвольна пазіраем на немцаў, якія стаяць у трох кроках ад нас, і натыкаемся на ўважлівы позірк акулярыстага. Мулкі кадык на доўгай шыі ў таго слізгае пад скурай угору і ўніз. Кротаў перастае жаваць.

  – Што, дапякло? – нібы ўпершыню заўважыўшы палонных, з’едліва кажа ён. – Наваяваўся, сабачы сын? Жраць захацелася? Трымай!

  Старшы лейтэнант разломвае сухар і кідае кавалак акулярыку. Той спрытна ловіць яго і з задавальненнем пачынае яго грызці. Ваўкаваты ж стрымана стаіць побач без шапкі, і я засоўваю руку ў кішэню. Там яшчэ адзін кавалачак сухара, апошняга з маёй сённяшняй нормы. Я дастаю яго і не без шкадавання працягваю цераз дарогу. Немец секунду марудзіць, пасля бярэ сухар і, адставіўшы ніжнюю губу, нешта чмыхае. Я яшчэ не магу зразумець чаго, як ён кароткім узмахам цераз плячо шпурляе сухар у кукурузу.

  – Ах ты, гадзіна! – узрывае мяне абурэнне.

  Кротаў перастае жаваць. Нейкі час ён маўчыць з жаўлаком за шчакой, а пасля, зламаўшы пад ілбом брыво, ступае між каляін у снег.

  – Ану, падбяры!

  Немец, насупіўшыся, маўчыць і не кратаецца з месца.

  – Падбяры, гніда! – жорстка загадвае Кротаў і яшчэ праз секунду коратка б’е яго ў сківіцу. Той хістаецца, але ўстойвае на нагах, і старшы лейтэнант, не стрымліваючы ў сабе шаленства, крычыць: – Вош паўзучая! Сволач! Пракляцце наша! Праз вас я паўгода ў шпіталі праенчыў! Вы бацькаву хату спалілі! Праз вас мяне начальства цягае! На яшчэ, гад!

  Немец зноў хістаецца, хапаючыся рукой за шчаку, але так нічога і не вымавіўшы – ні ад болю, ні ад страху. Зацятая ўпартасць яго і ва мне адгукаецца непадуладным міжвольным гневам. Нейкая жывёльная нянавісць так і падмывае заехаць яму па мордзе, як гэта зрабіў Кротаў, і я, адчуваючы, што не стрымаюся, кажу старшаму лейтэнанту:

  – Ладна, кіньце вы!

  Стары, які тым часам даганяе нас, відаць, цяміць ужо, у чым справа, і ўслужліва лезе ў кукурузу. Здзьмухнуўшы з сухара снег, ён зважліва падносіць яго раз’ятранаму Кротаву. Той, аднак, б’е немца па руцэ, і сухар адлятае ў снег.

  – Прэч! Прэч, гады! Злыдні! Сволачы! Я вас усіх зараз!

  Ротны хапаецца за кабуру, і я ледзьве спыняю яго:

  – Ладна. Не трэба! Пайшлі.

  Працінаючы ўсіх трох ненавісным позіркам, Кротаў неахвотна пераходзіць у правую каляіну.

  «Вось жа гад фашысцкі!..» – думаю я, прыадстаўшы і назіраючы ззаду за проставалосым гітлераўцам. Валасы ў таго чорныя, відаць, жорсткія, да вушэй ён і не дакранаецца, нібы не адчуваючы марозу. За ўсю дарогу не сказаў ніводнага слова, ні разу не зірнуў нам у вочы, але ва ўсёй яго постаці адчуваецца небяспечны, стоены вораг. Пасля гэтага здарэння з сухаром я трохі насцярожваюся і перасоўваю свій ППС на грудзі: ці мала што можа выкінуць яшчэ гэты злыдзень!