Мертвым не балиць, частка 1

  Стэп заціхае к ночы, але ўсё ж мноства прыцішаных гукаў сведчыць аб прысутнасці наўкола вялікае сілы вайны. Ідзе наступленне, водгукі яго раз за разам даносяцца да слыху ў прыглушаным танкавым гуле, далёкіх выбухах. Недзе на поўдні, за Кіраваградам, усё палыхае край неба: агністае зарава на небасхіле то шырэе, разгараючыся, то паціху вузее. Аднекуль даносяцца невыразныя галасы людзей, пэўна, непадалёку праходзіць дарога. Скрозь у стэпе стоены рух, сцішаны грукат і людзі. У кукурузе, аднак, мы не шмат вакол сябе бачым.

  

  

  Шашок даганяе нас, калі ўжо ўсталёўваецца ноч і ў высокім студзеньскім небе з вострым бляскам густа высыпаюць зоркі. Сярод іх на поўную моц ззяе месяц. У стэпе відна, хоць збірай іголкі. Рэзкія сінія цені нячутна валакуцца за намі; ярка бялее снегавы дол; наўкола мроіцца ў прыцемках кукурузны абшар. На краі яго мы з Кротавым заўважаем рухавую постаць. Каня амаль не відаць у кукурузным зарасніку, толькі паверх яго сунецца коннік. Мы спыняемся і чакаем. Ну, вядома, – гэта старшына.

  – Фу, думаў не даганю ўжо, – з прыкметнай палёгкай ад таго, што пазбыўся адзіноты ў начным полі, кажа Шашок і прытрымлівае каня. – Ну як, не паразбягаліся фрыцы?

  – Не разбягуцца, – кажу я.

  Старшына скіроўвае каня па левай каляіне і блізка пад’язджае да немцаў. Кротаў на хаду азіраецца (здаецца, ён ужо паспакайнеў) і з хвіліну ўглядаецца ў старшыну і яго каня.

  – Ну што, не адкалолася?

  – Не адкалолася, – ахвотна адказвае Шашок. – Заўпарціўся разведчык. Не хацелася скандал учыняць.

  Усё зразумела: Шашок на тым самым мухортым коніку, на якім і прыехаў у батальён. Значыць, Касенка праявіў характар да канца. Ён такі, гэты наш лейтэнант. Разведчык!

  – Я б таму каню лепш кулю ў вуха, чым вам аддаваць, – кажа Кротаў.

  Шашок не адказвае, прапускае міма ўвагі гэтую адкрыта непрыязную заўвагу і развязна крычыць на немцаў:

  – Шнэль! Шнэль, вашу матары! Затапчу, фашысты!

  Ён і сапраўды падсцёбвае повадам каня. Задні немец кідаецца з каляіны, проставалосы адхіляецца ад конскае храпы. Старшына задаволена рагоча.

  – А, палахліўцы, такую вашу... Саступай дарогу рускаму воіну!

  – Ану, канчай! – пагрозліва азіраецца Кротаў. – Спярша вазьмі ў палон, а пасля будзеш канём таптаць.

  Шашок прыціхае і зверху ўніз насцярожана аглядвае ротнага.

  – А вам што, шкада?

  – Не шкада. Агідна!

  – Значыцца, зашчышчаеце? Немцаў зашчышчаеце?

  – Ідзі ты...! – узрываецца Кротаў. – Хочаш дзела прышыць? Не баюся я вас!

  – Так, так! – Шашок шматзначна сціхае, нешта затаіўшы ў сабе, і далей ціха едзе сабе за ўсімі.

  Немцы пераглядваюцца, відаць, штось зразумеўшы з гэтае сваркі, і мне робіцца няёмка перад імі. От яшчэ знайшлі месца лаяцца! Ну, але ўсё гэты Кротаў... Вядома, ён цяпер злосны, таму і сапраўды можа нарабіць сваркі.