Мертвым не балиць, частка 1

  Людскі паток з тратуараў уліваецца ў вялізны натоўп на плошчы.

  Тут помнік.

  На плошчы гамана і штурханіна. Натоўп пацясняецца, падаецца ўбок, прапускаючы да помніка строй піянераў са сцягам. Лясны водар хвоі ад вянкоў настройвае на адпаведны хаўтурны лад. Урачыстая хвіліна ўскладання. Людская гамана прыціхае. Гучней грымяць маршы з дынамікаў.

  Ля помніка чуецца нейкая каманда. Я думаю, можа, тут будзе мітынг? Хоць на мітынг штось не падобна – няма ні трыбун, ні арганізатараў.

  Звонкім, добра пастаўленым галаском юная выхаванка школьнай самадзейнасці бадзёра чытае верш. Ніхто не забыты, нішто не забыта. Гучна звіняць над плошчай высокія, поўныя аптымізму словы. Малайчына дзяўчо!

  Невядома чаго, я праціскаюся між людзей да помніка. Што я там хачу ўбачыць? Скрозь – твары, твары, твары. На мяне ніхто не звяртае ўвагі. Тым лепш. Я разумею, што знайсці тут каго – безнадзейная справа. Як іголку ў стозе сена. I ўсё ж лезу ўсярэдзіну. Гранітнае падножжа манумента завалена зелянінай вянкоў. Колькі хваёвых галін! На вайне яны спадарожнічалі забітым у іх апошнім шляху на зямлі. Разам іх клалі ў магілы. Часта замест дамавін...

  Да агню, аднак, не падступіцца. Там піянеры. Стройныя рады белых сарочак і кофтачак. Урачыстая чырвань гальштукаў. Яны салютуюць. Я спыняюся ў шчыльнай групе моладзі. Хлопцы і дзяўчаты. Зноў вастраносыя туфлі, абцасікішпількі. Пышныя і старанныя прычоскі. I над плошчай усё той жа прыглушаны россып транзістараў:

  

   А за окном то дождь, то снег,

  

   И спать пора. Но никак не уснуть...

  Яны жывуць сваім, куды больш ім блізкім. I я іх разумею. На самой справе: прайшло амаль дваццаць год. Шмат хто нічога ўжо і не памятае з таго, што было ў раннім дзяцінстве. Многія нарадзіліся пасля вайны. Вайна для такіх – абстракцыя.

  Марудна я прабіраюся між іх шчыльных груп. Мне патрэбен Вечны агонь. Навошта – не ведаю сам. Хіба каб наблізіцца. У кожным агні ёсць невытлумачальная зваблівасць. Магчыма, гэта інстынкт, выпрацаваны ў глыбінях стагоддзяў. У старажытных агонь быў сродкам жыцця, ачышчэння і ахвярнасці. Цяпер ён сімвал іншага сэнсу. Мне хочацца толькі зірнуць на яго і тым далучыцца да памяці мёртвых.

  Не дужа ветліва рассоўваючы людзей, я ўсё ж прабіраюся да абеліска. Праўда, агню амаль не відаць, Над хвояй празрыстымі хвалямі струменіць гарачае паветра. У шырокім маўклівым крузе замерлі людзі – дарослыя і дзеці, мужчыны і жанчыны. Строгія позіркі ўсіх скіраваны да адной кропкі – сімвалу вялікага сэнсу. Твары ўрачыста засяроджаны. Яны вельмі мудрыя і вельмі светлыя, гэтыя твары. Мне здаецца, я ніколі не бачыў такімі нашых людзей. Цяжка нават паверыць, што гэта самыя звычайныя твары самых звычайных людзей. Зрэшты, тут тыя, па лёсе якіх усім сваім цяжарам праехала вайна. Ледзьве паўзіраўшыся, я ўжо разумею гэта.

  Што ж, пэўна, я таксама не буду тут лішні.

  Я выцягваю галаву з-за нейчай высокай чорнай спіны і моўчкі стаю з усімі. Мяккай пазалотай пабліскваюць карнізы і ляпныя рэльефы помніка. Насупраць, нібы мармуровая скульптура, – нерухома жалобны твар жанчыны. Яна ў вялікай чорнай хусціне, з-пад якой выбіваецца на лбе пасма зусім белых валасоў.