Мертвым не балиць, частка 1

Ён кідае гэта мне і з хмурым тварам пачынае аглядаць пазногці. Я не дужа зграбна апускаюся ў крэсла. I адкуль яму вядома, што я – інвалід вайны? А можа, няшчасны выпадак? Парушэнне тэхнікі бяспекі? Хоць, вядома, выдае ўзрост. Маладзейшыя, яны вызначаюць беспамылкова. А старэйшыя часам яшчэ называюць маладым чалавекам. Сапраўды, з твару я маладжавы. Гэта і зводзіць у зман. Маладых жа не ашукаеш. На такія штукі ў іх занадта натрэніраванае вока. Мусіць, апроч маладжавасці, трэба яшчэ нешта, чым мы ўжо не валодаем. Прамінулі ў сваю маладосць.

  Хлопец тым часам паводзіць сябе так, быццам болей мяне не заўважае. Усе ягоныя эмоцыі схаваны пад маскай халаднаватай замкнёнасці. Але я адчуваю: у яго да мяне прыязнасць. Толькі ён прытрымлівае яе. Таксама як і цікаўнасць. Чамусьці ў адносінах між мужчынамі так прынята. Нібы выказаць свае пачуцці – слабасць.

  А мне хлопец чымсь падабаецца. Можа, менавіта вось гэтай незалежнай замкнёнасцю, якая заўжды прымушае падазраваць глыбіню і змястоўнасць. Хоць у маладосці, пэўна, болей вабіць адкрытасць. Глыбіня і характар прыходзяць з гадамі, а маладых аздабляе шчырасць. У гэтага ж засяроджаны, не дужа схільны да шчырасці позірк. Зграбная свежая канадка на галаве. На лацкане стракатага пінжака сіні эмалевы ромбік. Вядома, тэхнічная ВНУ. Відаць, нейкі інжынер, прыехаў здалёку па справах вытворчасці. Што ў ягоным жыцці? Напэўна, маладая жонка, малое дзіцё. Стандартная малагабарытная кватэра дзе-небудзь у новым квартале. I, вядома, найцікавейшая ў свеце галіна – электроніка або радыётэхніка. Цяпер гэта сфера захаплення многіх. На жаль, мы ў такім узросце займаліся іншым. Зрэшты, таму і засталіся ў жыцці недавучкамі. Але што зробіш: іншы быў час. Свет ваяваў. Кожны мужчына мераў свае вартасці салдацкаю мерай. Артылерыя, танкі, авіяцыя – думалася, гэта надоўга. Колькі яны адабралі сілы, замарозілі здольнасцей...

  Хлопец, мабыць, заўважае мой позірк і маю да яго стоеную цікавасць. Далей маўчаць нам ужо і няёмка. Ён дастае з кішэні пачак «Шыпкі» і лёгкім прывычным рухам пасоўвае да мяне.

  – Курыце?

  – Не, дзякуй.

  – Кінулі ці не пачыналі?

  – Некалі пачынаў. Ды раненне перашкодзіла.

  З секунднай няўцямнасцю ён пазірае на мае ногі, затым болей працяглым позіркам акідвае грудзі. Я разумею яго недаўменне: якая сувязь – нага і курыва? Але ці варта казаць яшчэ і пра раненне ў грудзі, якое ледзьве не абярнулася для мяне фіналам. Да таго ж хлопец, напэўна, чакае ўбачыць на маім борце планкі ўзнагарод. Вядома, ён адукаваны чалавек, нямала начытаўся пра вайну і гатовы бачыць ва мне героя. Мусіць, таму, што дужа ўжо шмат разоў даводзілася тлумачыць усе гэта, цяпер я маўчу. Хлопец прыкурвае цыгарэту і крута паварочваецца ў крэсле. Ля адміністратара пачынаецца нейкае ажыўленне. Ці не з’явілася што?

  Не, здаецца, трывога марная. У чаргу доўгацярплівых кандыдатаў у начлежнікі спрабуе ўлезці нейкі прастадушны дзядзька. Ён у новай ватоўцы, з вялізным чамаданам-куфрам і поўнаю сеткай батонаў. Напэўна, з вёскі. Станавіцца ў хвост чаргі дзядзьку няма ахвоты, і ён плячом і локцем спрабуе зашчаміцца між таўстуном з пакетам пад пахай і чалавекам у скураной куртцы. Таўстун спознена ўзнімае трывогу.