Мертвым не балиць, частка 1

  – Што, на вайне?..

  – На вайне.

  – Ну, а газіроўку п’еш! Ці не зарабіў? – змрочна папракае ён і пытаецца: – Трахнула дзе?

  – На Другім Украінскім.

  – Сусед. Я з Першага. А гэты з Ленінградскага, – з трэскам ламаючы воблу, ківае ён на сабутэльніка.

  Я чакаю шклянку, а ён, памарудзіўшы, нагінаецца за бутэлькай. Шырокая вялікая яго рука налівае болей паўшклянкі.

  – Давай! За тых, хто хоча, а не можа.

  – Ну што вы!.. Я не п’ю.

  Ён, увачавідкі хмялеючы, гатовы абурыцца:

  – Як гэта не п’еш? Тады ты не франтавік. Ты – чыгуначнік.

  У яго нетаропкія рухі, бясспрэчны камандзірскі тон, цяжкаваты позірк чалавека, які ведае сабе цану. Маладзейшы, наадварот, увесь час смеючыся вачыма, грызе ўстаўнымі металічнымі зубамі воблу і падміргвае:

  – Давай, друг! За рускіх Іванаў.

  Мне зусім не хочацца піць, але іх фамільярная катэгарычнасць абяззбройвае. Хіба што за Іванаў. Маладзейшы выдзяляе кавалак воблы, і я паспешліва, захлынаючыся, п’ю. Як і на фронце. Выпадковая чарка сярод незнаёмых суседзяў-танкістаў або мінамётчыкаў. Праўда, там не было і следу няёмкасці.

  – Ну і нішто! – адабрае старэйшы. – Справіўся. А казаў, не п’ю. У якім званні?

  – Я?

  – Ну, вядома ж, не я.

  – Малодшы лейтэнант.

  – Зразумела. Ванька-ўзводны.

  – Ага. Праўда, і ротным быў.

  – Я таксама. Да Берліна вырас у дывізійнага.

  Салёны кавалак рыбы пячэ ў роце. Настроем хутка завалодвае хмельная лёгкасць. 3 рэпрадуктараў грыміць «Свяшчэнная вайна». Побач лезуць, тоўпяцца, штурхаюцца людзі. Аднак мы не звяртаем на іх увагі. Мяне пачынае цікавіць старэйшы. Але наконт дывізійнага ён, здаецца, «загнуў».

  – У дывізійнага, кажаце? Занадта высока.

  – Высока? Думаеш, да дывізійнага не дабраў? Так? Ану, палічы. Адзін камплект роты – дзвесце чалавек.

  – Гледзячы якой роты.

  – Якой! Штрафной, вядома.

  – Штрафной?

  Я з новай цікаўнасцю пазіраю на гэтага чалавека. Плячом ён прысланяецца да чырвонай сценкі аўтамата.

  – Ну і вось. Дзвесце памнож на дванаццаць. Дванаццаць разоў фарміраваліся. Не лічачы частковых папаўненняў. Дывізія!

  Ну, можа, і не дывізія, але таксама нямала. Я першы раз бачу чалавека, які на фронце камандаваў штрафной ротай, і з несхаванай цікаўнасцю гляджу на яго. Малодшы растрыбушвае пачак «Беламору».

  Жанчына ў празрыстай хустачцы, з медзяком у пальцах выглядае шклянкі.

  – Шкляначкі вольныя?

  – Заняты! – буркае старэйшы.

  – П’яніцы праклятыя!

  – Цыц, цётка! У нас памінкі!

  Цётка, адышоўшыся, грозіцца:

  – Вось паклічу дружыннікаў, тады паменяцё. У працвярэзнік вас, алкаголікаў!