Мертвым не балиць, частка 1

  – Давай на воз! – кажа яна. Потым упэўнена бярэ мяне пад руку і звыкла прыкрыквае на немца: – Ану, падмагні! Чаго глядзіш, як Гітлер?

  Немец нечакана разумее і з няспрытнаю далікатнасцю падхоплівае мяне пад локаць.

  – Ладна, ідзіце вы! Я сам...

  На адной назе я даскокваю да воза. Там, аказваецца, ляжаць на саломе яшчэ двое параненых. Адзін ціха стогне, адкінуўшы галаву. Другі прыўзняўся і пакутлівымі вачыма на схуднелым твары глядзіць на мяне.

  – Вось тут, у куточак...

  Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда – бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.

  – Павязло, – кажа дзяўчына. – Яшчэ б міліметр і – косць напалам.

  «Косць, косць! – мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. – Сам ведаю – напалам... Косць – не жалеза...»

  – Давай жа хутчэй! – ледзьве не енчу я. – I немца пасадзі!

  – Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.

  – Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! – Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. – Эх, Кротаў, Кротаў...

  У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма... I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.

  – Кротаў? А што – Кротаў?

  – Забілі. Што?..

  – Кротава? Камандзіра роты?

  – Ну.

  – А ты не брэшаш, младшой?

  Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.

  – Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! – крычу я. – Ты разумееш ці не?

  – А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! – злуецца дзяўчына.

  Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога:

  – Ану, паганяй!

  I ездавы добра гоніць пару рухавых конікаў, ад якіх курыць парам, і ўсё азіраецца па баках. Фурманка то дрыжыць, рыпіць і падскоквае на гузаках няўезджанай дарогі, то сціхае, шархотка загрузаючы коламі ў сыпкім снезе. Сядзець мне страшэнна нязручна, дранцвее нага. У ране пячэ і торгае. Але і пасунуцца нельга ні на сантыметр: я і так сяджу ледзьве не на самых нагах параненага, які енчыць, лаецца і з азвярэлаю ласкай просіць дзяўчыну:

  – Кацярынка! Каця! Цішай! Шкурадзёр ты, а не сястра... Цішай! Ух!.. Ох, Кацюшанька!..