Мертвым не балиць, частка 1

Каця схіляецца з перадка, адною рукой прытрымлівае яго галаву і просіць з той нязвыклай на фронце пяшчотай, якая заўжды прымушае азірнуцца:

  – Міленькі, харошы мой! Ну, пацярпі! Зараз ужо. Зараз...

  I тут жа, павярнуўшы твар да немца, які зморана хакае за фурманкай, крычыць:

  – Хутчэй, немчура праклятая! Хутчэй!

  Я маўчу, нічым не выказваючы сваіх адносін да гэтых яе выкрыкаў. I, мусіць, таму яна вытлумачвае:

  – Была б мая ўласць, я б яго – бягом прагнала да Берліна і назад. На Калыму б яго, сабаку! За нашыя мукі! Хай бы памёрз, папакутаваў, колькі рускі народ пакутуе.

  Потым з цвёрдасцю чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, ціха кідае ездавому:

  – Паганяй!

  I тут жа нахіляецца да параненага.

  – Пацярпі ўжо. Пацярпі, міленькі!

  Я і сам ледзьве трываю, нага, мала што баліць, яшчэ і дужа мерзне пад палой шыняля. Толькі як-небудзь трэба датрываць да сяла. Там штабы, камандзіры, яны што-небудзь прыдумаюць.

  

  

  Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою – доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца?

  Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае:

  – Счас, счас, родненькія... Счас...

  Мы спускаемся па адхоне і, крыху цішэй праехаўшы кароценькую, абсаджаную вербамі грэблю, зварочваем у вуліцу. Аднак па вуліцы не праедзеш: наперадзе, даўжэзным кузавам перагарадзіўшы дарогу, гурчыць здаравенны «студэбекер». Шафёр, прыадчыніўшы дзверцы, напалову высоўваецца з кабіны і памалу здае назад. Ля плота спіной да нас завіхаецца нехта ў паўшубку і асіплым, знерваваным голасам камандуе:

  – Лева руля! Лева! Яшчэ лева! Давай, давай!..

  «Студэбекер» сунецца ў занадта вузкія для яго вароты, цяжкімі скатамі ўмінае снег, і раптам абмазаны глінай пляцень з хрустам кладзецца долу. Чалавек у паўкажушку ўскідвае кулакі.

  – Куды даеш?! Куды даеш, сабачы сын! Дзе ў цябе вочы? Дзе вочы ў цябе, пытаюся?

  Ён ад злосці падскоквае да кабіны, здаецца, вось-вось накінецца на шафёра. Але не кідаецца, і шафёр, надзіва спакойна для такой сітуацыі, басам адказвае:

  – У лбе вочы, таварыш капітан.

  – У лбе? – здзіўляецца капітан. – Хіба яны ў цябе ў лбе? Давай наперад!

  – Стой! – кажу я, пад’ехаўшы.

  Ездавы прытрымлівае коней. Каця саскоквае з перадка.