Мертвым не балиць, частка 1

– Таварыш капітан!

  Капітан не чуе ці не хоча чуць. Адступіўшы на крок, ён зноў камандуе шафёру:

  – Упярод і права руля! Яшчэ, яшчэ права! Давай, давай!

  – Капітан! У стэпе танкі! Каму далажыць?

  Каця ўшчыльную падыходзіць да камандзіра.

  Я злажу з падводы і на адной назе таксама скачу да яго.

  – Таварыш капітан! Там нямецкія танкі! – спадзяюся я збянтэжыць яго гэтым паведамленнем.

  Але капітан быццам і не чуе.

  – Права! Яшчэ права! Так, так! – капітан прысядае, зазіраючы пад кузаў машыны.

  «Студэбекер», вуркочучы, пачынае ўязджаць у двор.

  – Што? Танкі? Многа? – і адразу ж да шафёра: – Давай, давай! Прайшло! – з палёгкай аб’яўляе ён і толькі тады нібы ўпершыню заўважае мяне з Кацяй.

  – Танкі нямецкія! Вы чуеце? – крычыць Каця. – Вось турнуць, будзе вам тады «давай, давай».

  – Што? – здзіўляецца капітан, і асіплы голас яго зноў робіцца сварлівы. – А што вы мне крычыцё! Я што – ІПТД1. Ідзіце ў артполк і дакладвайце. Мне загадана, я ДОП2 разгружаю.

  Ён разгружае ДОП! Гэтая яго нязрушнасць пачынае бянтэжыць мяне. Я імкнуся растлумачыць капітану, што навісла над яго ДОПам, але Каця меней цырымоніцца і апярэджвае мяне:

  – Які к чорту ДОП! Вось яны як урэжуць да ранку – будзе тады і ДОП і поп.

  – Таварыш капітан!

  Каця махае рукой.

  – Ды ну яго, младшой!

  Яна ўскоквае ў перадок, я ўвальваюся ў фурманку. Ездавы агравае коней і, аб’ехаўшы «студэбекеры», мы імчым па начной вуліцы. А ў сяле так па-вячэрняму ўтульна і мірна, што мне аж робіцца страшна. Я ўжо прадбачу, чым можа скончыцца такая ідылія. Не, што б там ні стала, трэба знайсці камандзіраў ці штаб. У адным двары, дбайна прыціснуты да сцяны, стаіць «віліс», ля якога моўчкі поркаюцца двое, – мусіць, знімаюць сваё майно. Дзе «віліс», там заўжды начальства, і таму, згледзеўшы машыну, Каця адразу спыняе фурманку.

  – Сядзі, младшой. Я сама.

  Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі.

  – Вось младшы лейтэнант наткнуўся... Камандзіра роты забілі, – кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека.

  Я таксама ўзіраюся ў яго, – гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік.

  – Вы дзе бачылі танкі? – спакойна звяртаецца ён да мяне.

  – У стэпе, таварыш падпалкоўнік. – (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) – Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды.

  – Вы думаеце, гэта нямецкія?

  – Нямецкія, – кажу я. – Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным.

  Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы.