Мертвым не балиць, частка 1

  – Так. Добра. Можаце ехаць, – памеркаваўшы, кажа камандзір.

  Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы – мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся:

  – А куды палоннага здаць?

  – Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы.

  – Дык тут усе параненыя, – кажа Каця. – Вазьміце вы немца.

  – Не, адпраўляйце ў Іванаўку, – спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. – I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, – нечакана загадвае ён.

  Вось табе і раз! Мы – ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку:

  – Мусіць, трэба змывацца... Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі...

  Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць – што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца:

  – Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся – не праб’еш! Хоць каравул крычы!

  – Паганяй! – крычу я на ездавога. – Паганяй!

  Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць – чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу...

  На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама – гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.

  – Стой!

  Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:

  – Хто такія? Чыя павозка?

  – Ды параненыя! Не бачыце хіба? 3 батальёна Шароніна, – адказвае Каця.

  – Таварыш камандзір, – кажу я. – Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел... Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.

  Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:

  – Злезці ўсім!

  – Ды вы што? – усхопліваецца на перадку Каця. – Вы што: тут цяжкапараненыя!..

  – Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! – не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.