Мертвым не балиць, частка 1

Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.

  – Паўтараю: санінструктар, вы – з забінтаванай галавой, павозачны і вы, – ківае ён у бок немца, – хадземце за мной.

  Нічога не зробіш. Каця першай саскоквае з перадка. Неахвотна пакідае сваё месца ездавы. Трымаючыся за рабрыны фурманкі, злажу я. Камандзір ступае наперад.

  – Марш у памяшканне!

  Я думаю, што гэта бязглуздзіца – не болей. Куды ён нас павядзе і што мы яму тут зрабілі? I я хачу вытлумачыць:

  – Вы разумееце: танкі. Мы спяшаліся далажыць. Праз якую гадзіну яны могуць быць тут. Камандзір азіраецца.

  – I папрашу памаўчаць. Пакуль у вас не пытаюць...

  – Ну, пайшлі, падумаеш! – са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.

  За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.

  Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.

  – Прашу дакументы! – кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы – вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал – не меней... Столькі зацятае напускной строгасці!

  – Пажалста! – з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.

  Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары – суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімае твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым – немцу.

  – Гэта немец, – кажу я. – Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.

  Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але капітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.

  – Дзе вы бачылі танкі? – пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.

  – У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.

  – Каму вы аб тым далажылі?

  – Ды тут даложыш!.. – запальчыва апярэджвае мяне Каця. – Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.