Мертвым не балиць, частка 1

Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.

  – Двум чалавекам дакладвалі, – кажу я. – Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.

  – Дык вось зарубіце сабе на носе, – строга кажа капітан. – Больш каб ні слова? Зразумелі? А то – паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! – заканчвае ён недарэчнай пагрозай.

  – Пры чым тут паніка! – сварліва кажа Каця. – Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі – нікога не пройме...

  Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:

  – Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! – змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: – У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.

  Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.

  – А палоннага? – пытаюся я. – Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага...

  – Я не канваір! – адказвае капітан.

  Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.

  Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.

  – Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. А то загнуцца, чаго добрага, – кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.

  ––––––––––––

  1 Знішчальна-супрацьтанкавы дывізіён.

  2 Дывізіённы абменны пункт.

  

  

  Што рабіць далей – хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны... Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане – ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. Не можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?

  Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і – песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:

  

   Шаланды, полные кефали,

  

   В Одессу Костя привозил,

  

   И все биндюжники вставали,