Мертвым не балиць, частка 1

  Я папярэджваю:

  – Ану, спакойна! Гэта палонны.

  – Ну, канешне, спакойна. Навошта спяшацца. Паспеем! – з нядобраю крывой ухмылкай кажа сяржант і са знарочыстай спаважнасцю бярэ немца за канцы адкладнога каўняра. – Ён жа добры. Ён жа сазнацельны. Гітлер капут? – хуценька пытаецца ён.

  – Гітлер капут, – не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.

  – Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? – міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. – Ну, канешне, у кармане вош на аркане...

  Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.

  – Я так думаю, – кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. – Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!

  3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы – санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.

  – Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.

  Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць – вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.

  – Браток, скруці пацягнуць, – кажа ён да сяржанта. – У кішэні там, браток... I папера...

  Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.

  – Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?

  – Варонежскі я.

  Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.

  – Ну, дык саўсем землякі... Што Варонеж, што Растоў – адна Расея. На, пацягні, палягчэе, – з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: – Пяхота?

  – Пяхота, – выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.

  Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе:

  – Ком! Ідзі сюды. I сядай. Нечага тырчаць.

  Ён разумее і, падабраўшы доўгія ногі, няўклюдна сядае побач на земляной падлозе. Вочы яго трывожна слізгаюць па мне, па сяржанту і спыняюцца на ягонай гітары. Каця ля прыпечка пры цьмяным святле «кацюшы» корпаецца ў медыцынскай сумцы – рыхтуе лякарства. Сяржант з сілай шчыпае басовую струну і няўлад, фальшыва пачынае запеў салдацкае песні: