Мертвым не балиць, частка 1

  

   Первая болванка попала в бензобак,

  

   Вылез я из танка, сам не знаю как...

  

   Любо, братцы, любо, любо, братцы, жить...

  

   В танковой бригаде мне уж не служить.

  – Ану, спыні сваю трэнькаўку! – строга кідае да прыпечка Каця.

  Нехта з кутка дабрадушна пярэчыць:

  – Хай іграе. Можа, боль трохі заглушыць. Сяржант энергічна пракашліваецца, збіраючыся заспяваць, калі не лепш, дык ва ўсякім разе гучней.

  

   А назавтра утром ведут в особотдел:

  

   «Что же ты, мерзавец, в танке не сгорел?» –

  зноў фальшыва пачынае ён, відаць, разумее гэта і, сустрэўшыся з позіркам немца, са злосцю абрывае запеў.

  – Чаго бельмы вылупіў, фрыц? Не падабаецца? Хіба лепей можаш? Што ты наогул можаш, фрыцаўская морда?

  – Нэмножько, – раптам выразна вымаўляе немец і працягвае руку да гітары.

  Сяржант, набычыўшы голаў, з паўхвіліны амаль з лютай збянтэжанасцю глядзіць на яго. Нібы вырашаючы, ці варта ўсур’ёз прымаць яго просьбу.

  – Ану, ану! Ізабразі-ка... Паглядзім, што ты ўмееш. Ну! Давай! Дуй! – нечакана вырашае ён і аддае гітару.

  Немец далікатна бярэ яе, уладкоўвае на каленях і, ціхенька перабіраючы струны, левай рукой падкручвае шурупы. У куце зноў усхапляецца абвязаны. Ён нічога не бачыць і праз ледзьве стрываны боль крычыць з роспаччу ў голасе:

  – Ага, фрыц? Гэта фрыц? Чаму вы яго не заб’яце? Забіце фрыца!

  Той, другі, ягоны сусед, прыпаднімаецца і лёгенька, бы малога, кладзе яго на спіну.

  – Ладна, ціха... Я яго сам. Вы пачакайце...

  Вочы гэтага чалавека з-пад насупленых броваў пры няпэўным святле «кацюшы» нядобра бліскаюць у бок немца. Абгарэлы корчыцца ў пакутах, енчыць, сцяўшы зубы. У хаце, аднак, на яго не звяртаюць увагі.

  Немец няспешна настройвае гітару. Мы ўсе з затоенай цікаўнасцю глядзім на яго – усё ж не часта бачыш, як фашыст упраўляецца з музыкай. Цікава, што ў яго атрымаецца! У сяржанта на вузкалобым твары ўжо не хцівая ўсмешка, а прытоеная да часу пагроза. Мне здаецца, калі немец у чымсь не дагодзіць, то яму ўжо не спусцяць – прыйдзецца тады бараніць. Цяжкапаранены на ложку павяртае набок свой збялелы твар і з пакутніцкай нетутэйшасцю ў паўзаплюшчаных вачах таксама сочыць за немцам. Усё ж ён чакае чагось, і гэтае чаканне на кароценькую хвіліну нібы прытупляе ягоныя пакуты. 3 дзявочаю цікаўнасцю коратка азіраецца ад прыпечка Каця і хмурыцца. Чамусьці я пачынаю хацець, каб немец сапраўды сыграў што няблага. Міжвольна мне ўжо карціць на спачуванне да яго ў гэтай хаціне. Усё ж ён «мой» немец.

  I сапраўды, ён хутка падстройвае гітару і трошкі сцішана, але лёгка і спрытна пачынае бегаць па струнах. Просценькі, усім вядомы матыўчык, як тоненькі сакавіцкі ручаёк, журчыць у хаціне: