Мертвым не балиць, частка 1

  

  

  Нешта мне замінае, пакутна трывожыць, я падсвядома імкнуся ў суладную млявасць забыцця, дзе нічога і – сон... Але гэтае нешта мацней за мяне, за стому, яно вырывае мяне з салодкае адсутнасці, і я прачынаюся. Толькі дзе я? Нейкія людзі, устрывожаная гамана, далёкія і блізкія галасы. I раптам скрозь санлявую няўцямнасць прарываецца адна фраза, якая адразу вяртае мяне да явы:

  – Младшой! А младшой! Твайго немца забіраюць...

  «Немца? Якога немца?.. Ага! Гэта ж я ў санчасці». Я ўскідваю цяжкую галаву. Насупраць у хаце, усё ў тым жа змроку «кацюш», «мой» немец і абапал яго двое: адзін у шынялі, другі – у паўшубку.

  Гэта Шашок і Сахно.

  Сахно паварочваецца на голас, затым – да мяне. На яго выгаленым твары пад нізка насунутай на лоб чорнай кубанкай строгая зацятасць няўмольнага выканаўцы закону.

  – Вы куды? – асіпла кажу я. – Гэта – палонны.

  – Младшой, не давай! Хай самі ў палон возьмуць, – падбухторвае з ложка сяржант.

  Сахно строга азірае яго.

  – Ану, замаўчаць! Вас не пытаюць, таварыш сяржант! – I да мяне – крыху цішэй, але ўсё тым жа тонам загаду: – Васілевіч! Прайдзёмце з намі!

  – Куды ён пойдзе? У яго нага!

  Гэта – Каця. Яна тут жа, за іхнімі спінамі, у мігатлівым святле «кацюшы». Я бачу яе светлыя, рассыпаныя на галаве валасы і, не разумеючы яшчэ, у чым справа, але адчуваючы, што мне не трэба паддавацца гэтым двум, кажу:

  – У мяне нага. Во.

  Сахно акідвае мяне недаверлівым позіркам, але больш ні слова не кажа і паварочваецца да немца.

  – Ану, вэк!

  Шашок расчыняе дзверы, Сахно лёгка піхае ў іх палоннага, які відавочна маркатнее і, не зірнуўшы ні на кога, выходзіць.

  Узялі – хай, мне яго не шкада, толькі развяжа рукі. Аднак параненым, якіх, дарэчы, прыбыло ў гэтай хаціне, самаўпраўства гэтага чалавека чамусьці не падабаецца.

  – Ось табе і найграў! Трэба б сядзець ды сапець у дзве дзіркі.

  – Павялі і шлёпнуць...

  – Факт, шлёпнуць.

  – А хто гэта? – наіўна пытаецца нехта з кута.

  Яму, аднак, ніхто не адказвае. Каця ад парога махае рукой, даючы тым знак змоўкнуць. Усе насцярожана прыслухоўваюцца, я таксама. У сенцах чуваць нейкая валтузня, праз шчыліны ў дзвярах мільгае святло ліхтарыка, даносяцца сцішаныя галасы:

  – Павярніся, жыва!

  – Трымай!

  – Ану паглядзім у ботах...

  – Кішані абшарыў?!.

  – Пуста. Усё абчысцілі.

  – Ладна. Чорт з ім...

  Сяржант круціцца на ложку і плюецца.

  – Сцярвятнікі!

  Каця надзявае на галаву шапку і падпяразвае паўкажушок. Яе вочы асуджальна косяцца на сяржанта.

  – Чыя б кароўка мычала, а твая б маўчала. Сам такі.

  – Я такі? Я не такі! – запаляецца сяржант. – Я кроў праліваў. Калі што – я крывёй плачу.