Мертвым не балиць, частка 1

  – Ладна табе ўжо. Наплаціўся...

  Круглы, рабаваты сяржантаў твар расплываецца ў жартоўнай ухмылцы.

  – Ты мяне не чапай, рыжая. А то ўкушу. Я злы і кантужаны.

  – Ханыга ты! – ва ўпор аб’яўляе Каця, выразна варухнуўшы русявымі бровамі. У вачах яе, аднак, гуллівая гарэзнасць. Відаць па ўсім, яршысты гэты дэсантнік, насуперак усяму, ёй падабаецца.

  – Рыжая! Ах ты!..

  Сяржант робіць маўклівы выпад, учэпіста хапаючы Кацю. Але яна гулка лупіць яго па парусінавым рукаве курткі і ўхмыляецца.

  – Адстань, ханыга!

  Яна прарываецца да дзвярэй, але не паспявае выйсці, як дзверы расчыняюцца. На парозе зноў з’яўляецца немец, за ім уваходзяць тыя двое. Кубанка ў Сахно зухавата ссунута на вуха, калючы позірк падазрона бегае па тварах людзей, нібы гаворачы: «Ану, што вы тут без мяне думалі?» Мільгануўшы сюд-туд ліхтарыкам, ён падступае да мяне.

  – Вы што, зусім не можаце? I ўстаць не можаце?

  – Не, чаму...

  – Тады ўстаньце.

  Я трохі здзіўляюся, навошта гэта спатрэбіўся яму, і спрабую ўстаць. Нага чамусьці ацяжэла, павязка набрыняла крывёю. Недзе ў глыбіні раны торгае, – здаецца, у гэтую ноч перавязаць яе і не прыйдзецца. Але куды гэта ён мяне павядзе?

  – Зброю браць?

  – Не трэба.

  Я кладу на салому свой ППС, які мне, аднаногаму, даволі-такі замінае, і абапіраюся аб нечую шынельную спіну. Сахно няпэўна мільгае ліхтарыкам па абшарпаных сценах мазанкі. Яркі круглячок святла спыняецца на завешаным пасцілкай праходзе.

  – Ану, пройдзем туды!

  Следам за ім, хапаючыся па чарзе за ложак, услон і сцяну, я даскокваю да перагародкі. Капітан адхінае пасцілку і, пасвяціўшы ліхтарыкам, праганяе адсюль двух сонных параненых. Мы спьшяемся каля застаўленага несамавітым сялянскім посудам століка. Сахно кідае Шашку:

  – Давай святло!

  Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.

  Сахно выключае ліхтарык.

  – Даўно тут?

  – Звечара.

  – А нагу дзе параніла?

  – У стэпе. Дзе на танкі напароліся... Ён жа ведае, – ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.

  – А дзе Кротаў? – раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.

  – Кротаў забіты.

  – А двое палонных?

  – Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.

  – Забіты? – са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.

  Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недаверу.