Мертвым не балиць, частка 1

  – Забіты, факт.

  – Кім забіты?

  – Ну, немцамі. Кім жа яшчэ...

  Сахно ківае Шашку:

  – Так, запісвай.

  Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк на тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.

  – Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?

  – Ну, вядома.

  – Ану, раскажы падрабязней.

  – Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі...

  Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.

  – Так, так, – ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. – Так, так, цікава. Ты запісвай.

  – Запісваю.

  Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.

  «Што тут запісваць? – думаю я. – Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.

  Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:

  – А чаму вы не пабеглі за ім?

  – А я і пабег. Як толькі чарга – я і пабег. Не за ім – за немцам.

  – А што было раней: чарга ці ён пабег?

  – Чарга.

  – Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.

  «Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», – злосна думаю я і кажу:

  – Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.

  – Значыць, усё ж раней Кротаў пабег за немцам. Так і запішам.

  Што яны мяне ловяць? Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Што ім да мёртвага Кротава?

  Але Сахно, пэўна, ведае, што яму трэба. Ён задаволена адкідваецца на ўслоне, дастае з-пад партупеі на грудзях засунутыя туды пальчаткі і гучна ляскае імі аб далонь.

  – Ось гэта і трэба было даказаць.

  – Што?

  – А гэта самае.

  Сахно ўстае, звыкла папраўляе кабуру ТТ на дзязе і пачынае старанна нацягваць на пальцы пальчаткі. Яны нешта дабіліся ад мяне, але я не разумею яшчэ іхняе мэты. Я толькі адчуваю, што яны абхітрылі, і ў мяне ўзнікае гнеўнае абурэнне супраць гэтага іх бесцырымоннага наскоку.

  – А цяпер падпішы, младшой, – кажа Шашок і падсоўвае мне той самы блакнот.

  Мімаволі нешта ва мне захлістваецца на тугі, упарты вузёл.

  – Не буду падпісваць.