Мертвым не балиць, частка 1

Шашок замірае побач. Сахно за маёй спіной, чуваць, перастае перабіраць пальцы ў пальчатках.

  – Як гэта не будзеш?

  – А не буду, і ўсё!

  Абодва паўхвіліны маўчаць. Я адчуваю іх збянтэжанасць і ведаю, што для мяне гэта можа скончыцца дрэнна.

  – Гэта чаму? – зацята пытаецца Сахно. Асветлены знізу тупаносы, старанна выгалены твар капітана тоіць недаўменне і пагрозу.

  – А што вы чапляецеся да Кротава? Што ён вам зрабіў?

  Не адказваючы на маё пытанне, Сахно падступае бліжэй.

  – Не прытварайцеся. Вы выдатна ведаеце, што ён зрабіў.

  – Нічога ён не зрабіў. Ён забіты.

  – Ах, забіты! – раптам узрываецца капітан і хапае са стала блакнот. – Забіты! Ну, тады наракайце на сябе! Зразумела?

  I тыцкае мне пад нос блакнот.

  – Ану, падпісвайце!

  – Сказаў – не буду!

  – Пашкадуеш. Ды позна будзе...

  Няхай пашкадую. Магчыма, я ў чымсь памыляюся, але я не хачу выдумляць на чалавека, які не зрабіў мне нічога кепскага. Хлопцы за перагародкай прыціхаюць! Пэўна, адсюль чутна ўсё. Але хай! Чорт з імі, гэтымі двума! Што яны, урэшце, мне зробяць!

  Я чакаю новага выбуху, крыку, можа, нават лязгання пісталетамі – чакаю сваркі і гатовы да яе. Я не баюся. Я ўжо наважыўся на ўсё і гатовы трымацца цвёрда. Але Сахно раптам ідзе да дзвярэй.

  – Добра! Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ траханём цябе. Паняў?

  Шашок зграбае са стала паперы, блакнот і паспешліва следам за капітанам выходзіць з-за перагародкі. Я нетаропка бяру з міскі «кацюшу». Рукі мае дробненька, нервова дрыжаць.

  У хаце гамана. Ад парога ступае Каця. Яна і не выходзіла, была тут і ўсё чула. Я ведаю, яна заступіцца. У мяне ўжо нарадзілася і жыве недзе ў душы цёплае, удзячнае пачуццё да яе, толькі цяпер я хачу сказаць ёй: не трэба.

  – Што прычапіліся да младшога? – бесцырымонна кажа Каця. – Кротаў забіты.

  Сахно шчоўкае ліхтарыкам і нахабна скіроўвае яго ў круглявы, па-хлапечы абсівераны твар Каці. Дзяўчына пакутліва хмурыць бровы, але не закрываецца ад святла – вытрымлівае гэта нахабства з упартасцю і выклікам у шэрых вачах.

  – А ты бачыла?

  – Бачыла, – міргнуўшы ўрэшце ад рэзкага святла, кажа Каця. – Калі б не бачыла, не гаварыла б.

  – Праверым! – шматзначна абяцае Сахно, не зводзячы кружок святла з яе вачэй. Каця нечакана б’е яго па руцэ.

  – Ідзі ты са сваім ліхтаром. Што слепіш?!

  Сахно апускае ліхтарык.

  – Праверым!

  – Вунь фрыца лепей правер. Калі такі правяральшчык спрытны...

  3 ложка адгукаецца сяржант:

  – Праверылі ўжо і фрыца. Колькі можна!

  – Не ваша справа! – Сахно злосна азіраецца. – Трэба будзе – праверым. Каго трэба.

  Яны ідуць да дзвярэй. Шашок адкідвае на тоўсты зад не менш тоўстую палявую сумку. Немца яны, здаецца, браць не збіраюцца.