Мертвым не балиць, частка 1

  – Няма чаго гразіцца! – падае хтосьці голас з кутка. – Нас ужо праверылі. Асколкамі праверылі. А то наеў ражку і грозіцца.

  – Ану, ціха, пяхота! – па-начальніцку прыкрыквае сяржант.

  Сахно і Шашок, аднак, не затрымліваюцца. Прытвараюцца, што не чуюць абразы, і толькі мацней, чым трэба, бразгаюць з таго боку дзвярыма.

  Узрушаны, я стаўлю на прыпечак «кацюшу» і пераводжу позірк на сваё месца. Там у змроку каля аўтамата курчыцца на саломе немец.

  – Ану, марш адсюль! – тонам Сахно прыкрыкваю я. Немец спахопліваецца і ўскоквае, аддаючы месца. На ложку паварочвае галаву сяржант.

  – Ганс, сядай, дзе стаіш. Во перада мной. Бо тут цесна.

  Сапраўды, на ложку цеснавата, хоць там ужо толькі адзін паранены. Таго, хто хрыпеў, ужо няма. Немец, патаптаўшыся, неахвотна падбірае доўгія ногі і сядае насупраць сяржанта. Той, відаць, ужо не прэч памірыцца з палонным. 3 «маім» палонным.

  А зрэшты, чорт з ім! Чым ён далей ад мяне, тым лепш! Што я, абавязаны ўвесь час клапаціцца пра яго, аберагаць, заступацца? Такі ён «мой», як і сяржантаў, Кацін ці яшчэ чый. Да таго ж, можа, яшчэ якая сволач... Толькі звяжыся, не расхлябаеш за век.

  Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.

  

  

  Га-ах!

  Вуліца на некалькі секунд азараецца дзівосным вясёлкавым ззяннем. Пешаходы, радасна здрыгануўшыся, азіраюцца. Зіхоткі зеленавата-чырвоны водбліск разліваецца па маставой.

  Га-ах! Га-ах! – туга адскокваюць ад фасадаў другі і трэці пругкія паветраныя ўдары. Рознакаляровы ракетны веер запальвае над вуліцай неба. Жоўта-зялёна-чырвоныя блікі мільгаюць у вокнах паверхаў. Цені ад дрэў і слупоў спуджана кідаюцца па блішчастым бруку. Велічна-каляровае ззянне ўгары дасягае зені-ту і, не спыняючыся, таропка шастае ўніз. Агнявыя букеты, здаецца, асыпаюць дахі будынкаў. Калі неба гасне, на вуліцу з куткоў і пад’ездаў адразу ж хлынаюць цені, якія паспешна змыкаюцца ў вячэрняй цемрадзі.

  Феерверк вырывае мяне з мінулага. Я азіраюся. Незнаёмыя будынкі, вузенькі, малалюдны тратуар. Брук разразаюць трамвайныя рэйкі. Крыху далей – глухі нефарбаваны забор з казыркамі і ашмоццем афіш на дошках. Чорт ведае куды гэта мяне занесла?

  Пад прыцьмеўшым ліхтаром акрай тратуара збянтэжана спыняецца маленькая згорбленая бабка з кіёчкам і сумкай. Спалохана азіраецца ў поўнае водсветаў неба. 3 сумкі блішчаць фальгой дзве малочныя бутэлькі. Кончык бабчынага кійка дробненька дрыжыць на асфальце.

  – Не бойся, бабка. Гэта – салют.

  Бабка паднімае на мяне зморшчаны тварык. Пад яе. востранькім падбародкам тырчаць два ражкі старамодна завязанай белай хусткі.

  Аднак яна, пэўна, не чуе і запытальна глядзіць на мяне.

  – Сынок, ці не вайна гэта зноў? Га?

  – Рана, бабка. Яшчэ салдаты не выраслі.