Мертвым не балиць, частка 1

  У хаце ціхая гамана, дым ад цыгарак перамешваецца з гаркавым чадам саломы. Сцішана стогне ў паўзмроку нехта з параненых. Матляюцца па столі і прасценках мядзведзяватыя, скасабочаныя цені. Мільготкія водсветы з печы то горача ўспыхваюць, то цьмяна трымцяць на абшкрэбаных сценах мазанкі.

  Хутка, мабыць, зварыцца бульба. Я ўжо адчуваю яе духмяную парнасць у хаце і часам забываюся на рану, на стэп з танкамі, на маю сутычку з Сахно, якая чорт ведае чым яшчэ скончыцца. Я вельмі чуйны да кожнага стуку ў сенцах – толькі рыпнуць дзверы, мне здаецца, што гэта ідуць па мяне. Але гэта ходзяць байцы, носяць салому, ваду. А аднаго разу ў хату ўвальваецца доўгі, у расшпіленым шынялі санітар. У абедзвюх руках у яго нешта шэрае і мяккае, якое ён адразу кідае на падлогу.

  – Ой, што гэта?

  Каця спалохана шастае ўбок. Санітар бязгучна смяецца, асклабіўшы шырокія, нібы конскія, дзёсны. На падлозе дзве нерухомыя трусіныя тушкі.

  – Дзе ты іх узяў? – здзіўлена пытаецца Каця. Спалоху ў яе голасе ўжо няма, ёсць здзіўленне і лагода – сапраўды, рады былі бульбе, і раптам – трусяціна!

  – Там, у сянёх, – ківае санітар. – Норы ого!

  Ён зноў выходзіць здабываць з нор гаспадарскіх трусоў. Каця з несхаваным шкадаваннем на вуснах паднімае за доўгія вушы шэрую мяккую тушку, хвіліну ў ціхім роздуме глядзіць на яе і працягвае кароценькаму санітару.

  – На-ка абдзяры...

  Санітар заклапочана ссоўвае на патыліцу шапку. Аказваецца, ён не ўмее або не хоча зрабіць гэтае звычайнае справы, таксама як і сяржант і Каця. Іншым жа замінаюць параненыя рукі. Тым часам доўгі санітар прыносіць з сянец яшчэ аднаго забітага трусіка. Але ён таксама не ўмее разабраць і ківае на немца:

  – Вунь фрыц хай! Няма чаго дармаеднічаць...

  Немец, пэўна, ужо асвойтаўся ў гэтай хаце і з затоенай цікавасцю назірае за тым, што робіцца ля печы. Відаць, ён здагадваецца, у чым справа, і не вымагае сябе прымушаць.

  – О фройлян, іхь сделайт.

  Каця секунду марудзіць. Акругліўшы вочы, выпрабавальна пазірае на немца, потым вочы яе, прыкметна наліваючыся гневам, вузеюць.

  – Ах ты, скурадзёр пракляты! Набіў на людзях руку!

  – Ладна, ладна! Хай! – абрывае яе сяржант. – Давай, дзелай арбайт, Ганс.

  – Няхай папэцкаецца, а што! – зазначае санітар. – Трымай фінку.

  Ён дастае з кішэні крывы садовы ножык на ланцужку, адчэплівае баранчык і аддае нож немцу. Той з гатоўнасцю прысядае на калені і ў святле печы проста на падлозе пачынае свежаваць тушку.

  – Айн мамент, фройлян. Бістро. Бістро.

  Мы ўсе з цікавасцю назіраем, як старанна ён робіць гэта – надразае заднія лапкі, распорвае шкуру на жываце і, не так умела, як дбайна, урэшце, здзірае з тушкі мяккую вільготную шкурку. Сяржант з ложка пахвальвае:

  – О, правільна, Гансік. Пакажы клас. Адразу відаць: спец!

  Каця хмурыць бровы, назіраючы за ўпэўненымі рухамі немцавых рук. Светлыя доўгія валасы на яго галаве рассыпаюцца, і ён адтапыраным пальцам раз-пораз адкідвае іх назад.