Мертвым не балиць, частка 1

  – Ага, глядзі ты! Маладзец! I тут майстар, – кажа нехта з кута.

  – Рукасты.

  – Рабацяга бо. Не тое, што вы, – кажа сяржант. – Во, глядзі, якую мне люльку падарыў. Ага!

  3 блазенскаю ўсмешкай на нізкалобым шырокім твары ён прыўзнімае ў пальцах выгнуты адмысловы муншт з мефістофельскай галоўкай на канцы і пакручвае яго ўгары, каб усе бачылі. Падарыў – гэта занадта. Вядома, сяржант прыдбаў яго сам.

  – Айн мамент, фройлян! – бадзёра прыгаворвае немец. – Дас іст карошый братэн. Жаркёя.

  – Жаркое! Глядзі, разумее! – захапляюцца ў куце.

  – А што ж ты думаў! Ці мала нашага дабра перасмажылі за тры гады!..

  – Годзе, не бурчы. Ён добры.

  – Ага, яны ўсе добрыя. Вось наляцяць пад ранак, дык адны галавешкі застануцца, – разважна кажа нехта ад перагародкі.

  У куце ўскідваецца з саломы апяразаны бінтамі абгарэлы.

  – Доктар! Доктар тут ёсць?

  У хаце ўсе змаўкаюць і зважліва азіраюцца на невідушчага, нібы здань белага ад бінтоў, чалавека.

  – Доктара няма, – кажа Каця. – Ён аперыруе. А вам што?

  – Выбрацца з гэтага свінушніка. Колькі можна чакаць?

  – Сказалі – уранні.

  – Што значыць – уранні? – запальчыва раздражняецца абгарэлец. – Маёра дык адвячоркам павезлі

  – Маёра ў авіяцыйны шпіталь. Ён лётчык, – кажа сяржант.

  – Лётчык? А я таксама лётчык. Вы што – не бачыце? Я гарэў! Зараз жа адпраўляйце і мяне.

  Усе змаўкаюць. Сапраўды, гэта не жарты, калі абгарэла гэтулькі скуры. Да таго ж лётчык. Лётчыкаў мы паважаем, было б на чым везці, напэўна, кожны ўступіў бы яму сваё месца.

  – Ладна, патрываеце трохі. Вось зараз трусяціны наварым, – прымірэнча кажа Каця і прыкрыквае на немца: – Ану, Гітлер, паварушвайся мне жывей!

  Але немец і так завіхаецца, ажно спацеў. Нашай балбатні ён не слухае – уся яго ўвага на працы. Бадай, ён – неблагі дзядзька. Праўда, амаль як і заўжды ўсе палонныя, трохі дурнаваты з выгляду, бо не разумее па-нашаму. А так просты і ўслужлівы, відаць, лёгкі на рукі і ахвочы да працы. Пэўна, сербануў ліха на вайне і цяпер, у палоне, мусіць дагаджаць, бо баіцца. Вось невядома толькі, як ён трапіў у палон: сам здаўся ці зацапалі хлопцы з нашага батальёна? Хоць, зрэшты, гэта не так і важна. Адваяваўся фрыц, і цяпер, відаць, прачынаецца ў ім чалавек, мірны абывацель, рабацяга. Што ж – хай сабе! Мы добрыя, страляць яго не будзем, а дабрата – таксама зброя. Гэта ўжо відаць і па немцу.

  

  

  Мусіць, неўпрыцям задрамаўшы, я зноў ачынаюся, бо гамана ў хаце раптам здорава ўрываецца ў вушы, неяк ажно палохае. Знячывелі, здаецца, быццам штось здарылася, чаго я не магу зразумець. Але ў хаце, відаць, усё па-ранейшаму. Толькі ў печы ўжо не палае, па прыпечку – змрок з іскрамі ў чорнай саламянай трусе. Смачна пахне бульбай і мясам. Каця, сагнуўшыся над казанамі, раскладвае бульбу – у кацялкі, міскі і нават у пустую каску, якую, прысеўшы, трымае перад ёю нізенькі, шыракатвары баец-узбек. Насупраць на падлозе з выглядам пакрыўджанага родзіча сядзіць немец. Кухарская праца ля печы скончылася, патрэбы ў палонным тут болей няма, і ён, відаць па ўсім, адчувае сябе лішнім.