Мертвым не балиць, частка 1

  У гэты час за нахіленай Кацінай спіной адчыняюцца дзверы, і ў воблаку сцюжы цераз парог імкліва пераступае нехта ў густа заінелым шынялі.

  – Прывет! – весела кідае чалавек ад дзвярэй.

  Зусім малады твар яго чырвоны ад сцюжы, голас таксама выдае зусім яшчэ хлапечы ўзрост. Ён паранены і правую руку трымае ля грудзей на бінце-падвязцы.

  – О, тут і фрыцы! – радасна здзіўляецца хлопец, згледзеўшы немца. – Гут абенд, фрыц!

  Немец ускоквае з падлогі і цвёрда ляскае абцасамі.

  – Гутэн абэнд, гер офіцыр!

  – Вольна! – усміхаецца афіцэр.

  I тут мне штось здаецца знаёмае ў гэтай заінелай постаці. У голасе, паставе, смеху прабіваецца штось зусім нядаўна і зноў жа невядома дзе чутае і бачанае. Пастой, ды гэта ж...

  – Стралкоў! Юрка! – крычу я са змроку, стараючыся ўстаць ля сцяны.

  Хлопец кідае ў мой бок амаль збянтэжаны позірк і ад разгубленасці на момант разяўляе рот. Ён не пазнае. Ды і ці можна тут пазнаць каго, у гэтай цемры, якую ледзьве разрэджвае адна мігалка на прыпечку (другая патухла ўжо – скончылася гаручка). I ўсё ж хлопец здагадваецца:

  – Васілевіч?

  – Я самы! Давай сюды!

  Сапраўды, гэта Юрка, і я на хвіліну забываюся на ўсе мае беды, няўдачы і нават боль у назе. I як не забыцца, калі гэта – Юры Стралкоў, мой аднакашнік, сябар, малодшы лейтэнант, пехацінец, з якім мы паўгода назад скончылі адно вучылішча і пасля доўгага падарожжа ў таварняку трапілі ў адну армію. Пасля тае пахмурнае раніцы пад Харкавам, дзе нас разлучылі кадравікі, я, папраўдзе, ужо і ке спадзяваўся ўбачыць яго. I цяпер вось такая сустрэча!

  Шырока стаўляючы між людзей заснежаныя валёнкі, Юрка паспешліва лезе да мяне, хапае адной левай рукой мае пальцы і трасе, трасе.

  – Лёнька! Ты жывы, Лёнька!

  – Ды вось жыву. А ты? – недарэчна пытаюся я.

  Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, – перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?

  Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы – тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.

  – Ой, які ты абвязаны, не пазнаць!

  – Ерунда! Бінтоў накруцілі. А ў цябе што – рука? – пытаюся я ў сябра.

  – Ды, разумееш, падляцеў ненарокам.

  – Лёгка?

  – Драпіна. Вось толькі страляць замінае. А так... Ну, але ведаеш, мы адыграліся! – Юрка раптам радасна ажыўляецца, вочы яго блішчаць. – Ось ужо адыграліся, каб ты толькі ведаў! Зрабілі пабоішча не горш за Лядовае...