Мертвым не балиць, частка 1

  – Ты сядай! Во, на салому.

  Юрка адразу апускаецца пад сцяну са мной побач. Хлопцы адусюль пазіраюць на яго – такога заснежанага, гаманліва-ажыўленага. А ён, здаецца, безуважны да ўсяго тут. поўніцца чымсьці сваім – вялікім і радасным.

  – Ты разумееш! Ты разумееш – я ж толькі са стэпу! Во гадзіну назад! От жа мы іх ушчушылі! Ды так спрытна, без стрэлу, без гуку падпусцілі на пяцьдзесят метраў... Камбат у гэты раз ну проста маладчага!..

  – Пастой, пастой!.. Ты дзе? Я нават не ведаю, у якой ты дывізіі служыш. У Церахава, ага?

  – У якога табе Церахава! – гатовы раззлавацца Юрка за такое маё меркаванне. – У палкоўніка Калюжнага. Гвардыя!

  – Так, так...

  – Ты разумееш! За дзесяць хвілін мы зрабілі з іх мясакамбінат. Ураз як ударылі з усяе зброі!.. Дзевяць станочкаў, дзве саракапяткі. Ты б паглядзеў, што там рабілася!..

  Я і так рады, што там здарылася. Яшчэ не ведаючы, што і як, але гатовы зайздросціць Юркавай ратнай удачы. Ды я ўжо і зайздрошчу. Што і казаць, пяхоце не часта выпадаюць на фронце хвіліны, накшталт толькі што перажытых Юркам, калі грудзі распіраюцца ад хмельнага шчасця ўдачы. Нам болей прывычны шэрыя будні вайны – сцюжа, мокрыя ногі, крывавыя бінты на нямытым целе, знішчальны нямецкі агонь і, як узнагарода, – кароткі трывожны сон дзе-небудзь на засланай саломай падлозе. У яго ж здарылася нешта зусім іншае, нешта агромніста-ўдалае, і я рады. Я слухаю і на ўсе вочы пільна гляджу на нядаўняга свайго сябрука-курсанта. Шынялёк на Юрку салдацкі, алс акуратна прыгнаны па росту (на гэта ён быў мастак і ў вучылішчы, бо трошкі фарсун і акураціст). На каўняры роўненька прышытыя пятліцы, наўкось цераз грудзі – партупея, вядома не ў ОВС1 атрыманая, а, пэўна ж, сумленна здабытая на полі бою. Юрка, я вельмі, вельмі рады, што ты жывы, што ты ўрэшце сустрэўся мне, ды яшчэ такі ўзнёсла ўзрадаваны!

  – Панімаеш, цэлую калону, чалавек трыста з артылерыяй! Ты разумееш ці не? – тармосіць ён мяне за рукаў.

  – Разумею, разумею, Юрка. Але давай спярша падмацуемся. Эй, ты! – крычу я на немца. – Ану, падай кацялочак! На двох!

  Немец ахвотна падае нам плоскі кацялок, поўны бульбяное таптухі. Пасля на пагнутае вечка Каця кладзе кавалачак трусяціны.

  – Вот вам і ножка, таварышы камандзіры, – кажа санітар, перадаючы вечка цераз галовы іншых.

  Юрка чуйнымі ноздрамі прагна нюхае паветра і дзівіцца:

  – Што? Мяса? Ось гэта да! Ну, раз так, то... Трымай!

  Ён рашуча адшпільвае ад рамяня нямецкую фляжку і працягвае яе санітару. Той, не разумеючы, круціць яе ў руках. Але тут над яго плячом мільгае ўхопістая рука сяржанта, і фляжка апынаецца на ложку.

  – Ану, ану...

  У хаце лёгкая збянтэжанасць, усе паварочваюцца да парога. Сяржант жа, надаўшы страшэнна глыбакадумны выраз свайму хітраму твару, даследуе фляжку. Для гэтага ён спярша боўтае яе і прыслухоўваецца.

  – Шнапс?

  – Нешта ў гэтым родзе! – жыва адказвае Юрка. – Трафеі нашых войск.