Мертвым не балиць, частка 1

Сяржант важна адкручвае пробку, грымаснічаючы, нюхае рыльца і выразна хакае ад асалоды. Нехта з кута крычыць:

  – Хопіць камедыяннічаць! Разлівай!

  Сяржант акругляе вочы.

  – А калі атручана? Трэба пробу.

  – Ідзі ты! Якая яшчэ проба!

  Ну, вядома ж, пробу ён бярэ сам. Задзірае галаву і гучна глытае, зрэшты, па-боску – адзін толькі раз. Усе, не адрываючыся, сочаць за яго тварам, а сяржант на хвіліну знерухомлівае, як дэгустатар, вызначаючы смак гарэлкі. Пасля рашуча аб’яўляе:

  – Люкс! Ану, давай тару! Младшой, ад імя службы табе благадарнасць!

  – Служу савецкаму народу, старшыне і памкамузводу! – смяецца Юрка і зараз жа да мяне: – Ты разумееш, я сам спаражніў шэсць стужак. Шэсць стужак – ты разумееш! «Максім», як самавар, распаліўся. Пятнаццаць хвілін, і на снезе тры сотні трупаў!..

  Нечаканае трывожнае меркаванне прымушае мяне схамянуцца.

  – Стой! Гэта дзе? Ці не каля Аляксееўкі?

  – Ага. Непадалёк. Відаць, прарываліся на захад, да сваіх.

  – Пяхота?

  – Пяхота, ага. I артылерыя.

  – А танкі?

  – Што?

  – Танкаў не было там?

  – Не, танкаў не было. Пяхота. Глядзім: ідуць да кукурузы, расцягнуліся, як кішка. Ну, камбат паклаў усіх, камандуе: замры. Так удала падпусцілі, месяц свеціць, ужо гузікі на шынялях відаць сталі. I як урэзалі! – захапляецца Юрка і крыху цішэй паведамляе: – На мяне наградны напісалі. Проста ў полі. На «Айчынную»... Другой ступені.

  «Айчынная» – гэта здорава. Трэба б павіншаваць. Але я не віншую – я засяроджана пазіраю ў расчырванелы твар сябра, і ягоныя словы пачынаюць аддаляцца, глухнуць у маіх устрывожаных думках. Сапраўды, гэта адыходзіла пяхота. А дзе ж танкі? Значыць, танкі засталіся. Яны на прыкрыццё. Пяхота, вядома, выйшла раней, падцягвалася да Аляксееўкі, а танкі... Танкі, выходзіць, нацэліліся на нас.

  Чорт, мне зноў робіцца кепска. Нейкая нервовая дрыготка скаланае цела, мімаволі мая ўвага скіроўваецца на панадворак: ці не чуваць? Не, здаецца, гулу не чуваць, толькі здалёк праржаў конь ды нехта, прарыпаўшы снегам, прайшоў каля хаты.

  У вёсцы пакрысе ўсталёўваецца начная цішыня.

  А ў хаце тым часам ажыўленая, без ладу, гамана.

  – Ну, будзьма здаровы!

  – Каб хутчэй дзіркі загойваліся.

  – Кацюша, не адмаўляцца. Ну, хоць трошачкі. За разведчыкаў.

  – За пяхоту-матухну.

  – А фрыцу? Хлопцы, фрыцу налілі? – непакоіцца нехта ў куце.

  – Не, цябе чакалі, – прастуджаным басам адгукаецца сяржант і з поўнаю алюмініевай шклянкай для галення павяртаецца да немца.

  – Ганс!

  Немец з крыху празмернай паспешнасцю падхопліваецца ад печы і шчоўкае абцасамі:

  – Яволь!

  – Трымай!

  Сяржант перадае ў немцавы рукі шкляначку. Твару таго, павернутага ад святла, добра не відаць, але, здаецца мне, на ім – задаволеная, дабрадушная ўхмылка. Зрэшты, можа, гэта мне здаецца так у прыцемках. Немец трошачкі прыўзнімае шклянку і абвяшчае ў паўпаклоне: