Мертвым не балиць, частка 1

  – Гітлер капут!

  – Давай, давай! – адабраюць наўкола.

  – Ну, паехалі, рабяты! За перамогу.

  Я таксама паднімаю вялікую, на паўлітра, луджаную кварту, на дне якой трохі плёскаецца вадкасці – гэта нам з Юркам. Здаецца, мы п’ём з ім першы раз у жыцці, хоць амаль год прабылі ў вучылішчы разам. Але тады было не да выпіўкі – тады марылі абы досыту пад’есці. Вядома, напаўгалодныя тылавыя блазнюкі. Цяпер вось мы паваявалі ўжо і абодва паранены і таму п’ём, як сталыя. А што ж, хіба не заслужылі такое права? Мы забівалі ворагаў і пралілі сваю кроў, колькі разоў ганялася за намі пагібель, але мы абхітрылі яе і жывём. Хіба гэта мала на вайне?

  Перш чым выпіць, я трошкі вагаюся і ўлюблёнымі вачыма пазіраю на Юрку.

  – Юрка, дружа! Халера! Як добра, што мы спаткаліся!..

  Юрка бесклапотна смяецца.

  – Ну, давай! Да дна.

  Не, да дна нельга. Тры глыткі пякучае вадкасці, пасля – зацятае дыханне, здрадніцкі кашаль з горла. Ого, мусіць, гэта не шнапс – падобна, што спірт! Ну, але тут – гарачую бульбіну ў рот і пасмачку валакністага белага мяса. Пасля мяне, таксама папярхнуўшыся, з кварты дапівае Юрка.

  А нішто сабе – і выпіўка і гарачая бульба (каб яшчэ да яе хлеба). Паспешліва, з лёгкім шумам у галаве, ямо. А з душы ўжо хлынае, ірвецца разам перажытае, тое, што адышло ў нябыт ды раптам уваскрэсла для мяне разам з прыходам Юркі.

  – Слухай, а ты Драздоўскага не сустракаў?

  – Драздоўскі ж загінуў. Яшчэ на Дняпры. Пад бамбёжку трапіў.

  – Глядзі ты! Такі асцярожны. А дзе гэта памстаршына наш, Адзінокаў?

  – Го, Адзінокаў! Адзінокаў камбатам быў стаў.

  – Камбатам?

  – Ну. Ды ненадоўга. Ногі адарвала. Нядаўна, пад Пяціхаткай.

  – Шкада трохі. А наогул, паскуда ён.

  – Паскуда, праўда, – згаджаецца Юрка.

  – А не ведаеш, куды Кузняцоў Валька папаў?

  – Кузняцоў? Разумееш, не ведаю нават, дзе ён і ваяваў. У яго ж бацька генерал. Памятаеш, ехалі на фронт, – усё кпілі з яго: Кузняцоў, маўляў, да бацькі ад’ютантам пойдзе. А я неяк аднаго разу, – пагадзі ты, не ведаю ўжо, дзе гэта і было, – неяк адышоўся ад дарогі ў бок, да магілкі. Гляджу – таблічка. Чытаю: малодшы лейтэнант Кузняцоў вэ эс... Точна. Наш Валька. Вось табе і ад’ютант...

  – Да-а... Ну, ты еш. Бяры во гэтую костку.

  – Не, костку ўжо ты бяры. Я бульбу.

  Бульбу мы ямо дружна, костка на вечку застаецца – яе не падзеліш. Чорт з імі – танкамі, я ўжо іх не баюся! Урэшце, нічога яны нам не зробяць. Ротмістраўцы з пятай танкавай ужо, мусіць, акружылі Кіраваград. Мы наступаем, наша перамагае. Пляваць нам на тыя танкі, хай сабе дратуюць у стэпе кукурузу. Заўтра падваляць «ІЛы», зробяць ім Сталінград...

  Мне робіцца добра, лёгка, нават весела. Я люблю Юрку, Кацю, гэтага арапістага сяржанта ў дэсантнай куртцы. Тых вунь санітараў, што з блажэннымі ўсмешкамі на зашчаціненых тварах падпіраюць плячыма печ. I нават немца. О, як ён мірна і старанна выскрэбвае бульбу з кацялочка – любата глядзець!..