Мертвым не балиць, частка 1

  Гамана ў хаце большае, ажыўленне расце. Ужо не-не ды раздасца смех. Параненыя забыліся на свой боль. I ўсё Юркава фляжка!

  У куце сярод воблака махорачнага дыму нехта разважліва, са стоеным жаданнем уразіць сваёй удачлівасцю, нетаропка, смакуючы цыгарку расказвае:

  – Да-а. Я гэта даўно запрыкмеціў. Душа, яна пачуццё сваё мае. Яна, брат, таксама кіруе. Надоечы ляжу пад плотам – во там сяло бралі, не ведаю, як і завецца. Ляжу гэта, зацішна, кулі верхам ідуць. Здаецца, ляжаць бы ды ляжаць. Чым не схованка. Ды нехта мяне бы штурхае – ану, Пятро, перабягай! Не хочацца ўставаць, кулі свішчуць. Але неяк устаў і – цераз плот, бліжэй да хаты. I толькі гэта ўпаў, ззаду як ірване. Увакурат на тым самым месцы, дзе я ляжаў.

  У другім баку, ля перагародкі, напэўна, сабраліся бывалыя, і ў іх ужо іншая тэма.

  – Куля што! Куля акуратная. Цюкне і – маленькая дзірачка...

  – Асабліва калі навылёт.

  – Бы камар укусіць. Месяц, і ўсё гатова.

  – Ну, не кажыце. Бывае з рыкашэта каторая, тожа рве добра.

  – Куля, куля! Асколак, во хто калечыць...

  – Асколак, яно канешне.

  – На чвэрць разварочвае. Ды яшчэ дактары на дзве чвэрці распаласуюць.

  – Ага. Рассячэнне гэта называецца. Я ведаю. Ужо чацвёрты раз трапляе.

  – Ну. Во тады паякочаш. На квартал, не меней.

  А аднекуль, са змроку, між людской гаманы прабіваецца ціхі, раздумны голас чалавека, у якога, відаць, набалела на душы, ные і патрабуе падзяліцца. Але не з усімі наўкола, а, пэўна, з адным, тым, хто зразумее і не абсмяе, не пакпіць.

  – Панімаеш, прыйшоў... А яна ля мяне ўвіваецца... Кажу, як жывеш, Глафіра?.. Так спакойна, але гляджу, мяльцешыцца ў вачах. А знаеш, людзі мне ўжо што-колечы шапнулі... Сцерва, кажу, каму ізмяняеш? Савецкаму байцу ізмяняеш... Панятнае дзела, рамень ён хоць і брызентавы, ды каляны... Ну, завязаў вешчмяшок і – на станцыю... Капітан кажа: «Ты што, Сакольнікаў, дасрочна?» Дасрочна, кажу, жалаю хутчэй врагоў біць... «Маладзец, – кажа, – патрыёт. Бярыце прыклад з радавога Сакольнікава».

  Накінуўшы на сябе паўшубак, цераз людскія ногі да нас пералазіць Каця.

  – Ану, пасунься...

  – Калі ласка, сястра, – кажа Юрка і паслужліва адсоўваецца, даючы ёй месца ля сцяны. Каця моўчкі садзіцца, захінуўшы калені палой паўшубка.

  На ложку з п’яным задавальненнем на твары асклабліваецца сяржант.

  – Ганс, ком!

  Немец з выдрэсіраванай гатоўнасцю ўскоквае з падлогі.

  – Ты за каго? Ану, скажы! Каб усе чулі.

  Палонны стараецца зразумець, але гэта яму не ўдаецца, і ён пакутліва лыпае вачыма. Сяржант растлумачвае:

  – Ну, хто ты? Буржуй? Рабочы? Фашыст?

  – Іх бін дойч лерэр! – урэшце здагадаўшыся, аб’яўляе немец.

  Але байцы наўрад ці разумеюць яго і няўцямна глядзяць з куткоў, з лаўкі, з падлогі. Яны пакуль што адваявалі сваё і цяпер добрыя. У вачах задаволенасць і спакой. I хоць бялеюць у змроку забінтаваныя рукі, ногі, галовы, але тое ўспрымаецца цяпер не як бяда, а амаль як удача, бо галоўнае – жывыя. I калі ўсё ж баліць дзе, дык хіба ў тым віна гэтага вось ціхманага, услужлівага і нават палахлівага немца, які здаўся ў палон? Немец, відаць, гэта адчувае і спакойна глядзіць, як з кутка да яго падступае нізенькі, рабатвары, у абмотках пехацінец. Пад накінутым шынялём у яго тоўста забінтаванае плячо. Гэта, здаецца, той, што непакоіўся, а ці налілі немцу выпіць.