Мертвым не балиць, частка 1

  – Слухай, фрыц! А ў цябе дзеці ці ёсцека? – пытаецца ён.

  Немец няўцямна пазірае на яго.

  – Ну, дзеці, панімаеш? Малыя, во такія?

  – Кіндэр? – здагадваецца немец і паспешліва адказвае: – Цвай кіндэр. Дава дзіеці...

  – I ў мяне двое дзяцей! – нібы здзіўляецца пехацінец, і ягоны рабаваты твар ззяе прастадушным задавальненнем.

  I тады з-пад шынялёў з кута вылазіць вялікая цёмная постаць. Не разбіраючыся, што пад нагамі, на кагось наступіўшы і хіснуўшыся, гэты чалавек кідаецца да немца.

  – Брэшаш, гад! Свалата ты! Ух, я цябе!..

  Вялізны і нязграбны, у прамазучанай целагрэйцы, ён дрыготкімі рукамі выдзірае з кірзавай кабуры наган і шчоўкае, узводзячы курок.

  Немец адступае на крок, рукі яго інстынктыўна ўскідваюцца насустрач танкісту.

  – Стой! – крычыць з ложка сяржант.

  – Ты што?! – крычу я, нязграбна ўстаючы з-пад сцяны.

  Нехта яшчэ крычыць. Побач хутчэй за мяне ўскоквае на ногі Юрка. Адною рукой ён хапае танкіста за локаць.

  – Спакойна! Спакойна!

  Сяржант, саскочыўшы з ложка, засланяе немца.

  – Ану, схавай пушку! – уладарна загадвае ён. – Ваяка!..

  – Навошта ж дзяцей гэта самае... сіраціць? – збянтэжана пытаецца васпаваты баец.

  I тады вялікі ўзрываецца:

  – Ах, дзяцей! Такую вашу матары! Ягоных дзяцей шкада! А маіх хто шкадаваць будзе?

  Ён бухае кулаком у свае грудзі. На буйным касцістым твары яго лютасць, вусны дрыжаць, вочы закаціліся пад лоб і не абяцаюць дабра. Але ўсё ж хлопцы не дадуць тут яму ўчыніць забойства. За сяржантам, прыкметна апанураны, стаіць немец.

  – Што ты ўсхапіўся, як Гітлер? – кажа да байца сяржант і кладзе руку на яго плячо. – Ты ж рускі. Рускі, так? Ну, дык чаго ж ты, як бандзюга, пушку настаўляеш? Ён жа палонны...

  У хаце робіцца ціха. Чуваць, як у куце стогне абпалены лётчык. Ягоны вялізны сусед яшчэ раз надзяляе немца ненавісным позіркам і неахвотна вяртаецца да таварыша. Здаецца, канфлікт ліквідаваны. Сяржант, перш чым узлезці на ложак, лёгенька штурхае немца.

  – Не дрэйф, Гансік. Давай, траві далей...

  Немец нерашуча яшчэ ступае на вальнейшае месца.

  – Іх бін кайн нацы. Іх бін лянд лерэр2, – даводзіць ён пацішэлым голасам.

  Я апускаюся ля сцяны, побач садзіцца Юрка. Каця, хутаючыся ў паўшубак, кажа:

  – Не веру я яму.

  – Ну, чаму? – не згаджаецца Юрка. – Бываюць і сярод іх людзі. Калі рабочыя. Ці настаўнікі.

  – Гад ён, а не настаўнік.

  – Чаму так?

  – Так.

  – Гэ! А гэта што такое? – здзіўляецца сяржант. У ягоных руках каўпачок ад Юркавай фляжкі, у які ён наліваў суседу па ложку. Каўпачок стаіць некрануты.

  – Эй, землячок! Ты што – махлюеш?

  Ён ашчадна штурхае параненага ў плячо, які яшчэ нядаўна трудна стагнаў, а цяпер і не кратаецца.