Мертвым не балиць, частка 1

  – Эй! – сяржант устрывожана прыглядаецца да яго твару. – Вось табе і на! Ён жа «ўжо»!..

  Да ложка падыходзяць санітары, устае ад сцяны Каця. Яны доўга мацаюць у байца пульс, ды, здаецца, той сапраўды «ўжо».

  – Фу ты, халера! – не стрымлівае прыкрасці сяржант. – I сто грамаў не дапіў, дзівак...

  Санітары ў маўклівай зацятасці нязграбна, за полы шыняля, сцягваюць з ложка труп і, напусціўшы сцюжы, выносяць яго з хаты. Ім памагае немец, які потым, не ведаючы, дзе сябе дзець, ціснецца да парога. Але яго адразу прыкмячае сяржант.

  – Ганс, ком сюды! Месца ёсць. Ну, але плакаць не будзем. За здароўе землячка! – кажа ён і спрытна куляе каўпачок. Немец пачціва сядае на ложку.

  – На здрове!

  Сяржант кракае ад задавальнення і ляпае немца па плячы.

  – Правільна, Ганс. Але дзе ты гэтак па-руску навастрыўся?

  – Русішэ шпрэхен? О, біль фаль, – сціпла адказвае немец.

  Фаль! Быццам знаёмае слова, але я ўжо не памятаю, што яно азначае, у галаве маёй усё стомлена і п’яна блытаецца, і я гукаю сябра:

  - Юрка! А, Юрка!

  Юрка, прысланіўшыся да сцяны, маўчыць. Я зазіраю ў яго заценены твар: вось табе і на – ён жа заснуў!

  ------------

  1 Абозна-рэчывае забеспячэнне.

  2 Я не нацыст. Я вясковы настаўнік. (ням.)

  

  

  Юрка зняможана спіць побач, звесіўшы на грудзі светлую галаву. Здаровай рукой ён засцярожліва ахінае параненую і ціха пасопвае ў нос – па-хатняму мірна і соладка. На ложку словамі і жэстамі спрабуе нечага дабіцца ад немца сяржант. Навокал угамоньваюцца, ладзячыся на ноч, параненыя. Гамана ў хаце пакрысе заціхае. Густа, не прадыхнуць, смярдзіць шынялямі, потам, бінтамі. У мяне мацней пачынае балець нага. Гарыць, пячэ ў ступні. Заснуць я ўжо не магу і моўчкі гляджу на свайго соннага сябра.

  Эх, Юрка, Юрка! Сапраўды гэта здорава, што мы вось гэтак нечакана-негадана сустрэліся сёння. Можа, гэтак жа разам сядзем заўтра ў санітарную машыну і рванём I у тыл – прэч ад танкаў, агню і бясконцых франтавых трывог. I там – ложак, чыстая бялізна, спакой і сон, I сон... Магчыма, нам пашанцуе яшчэ болей і мы трапім у адзін шпіталь. Тады будзе не лячэнне, а рай. У такім разе я гатовы прымірыцца з маёю вымушанай разлукай са ўзводам, у якім так мала ўжо засталося старых стралкоў. Мусіць, праз які месяц усе будуць новыя, незнаёмыя, з папаўненняў. Зноў трэба будзе вучыць ды прывыкаць да кожнага. Ну, але не бяда, прывыкнем – я да іх, яны да мяне. Гэта толькі здаецца так, што новыя горш за старых, проста яны невядомыя. Праўда, сярод іх розныя – і лепшыя і горшыя, як і сярод старых. Хаця гэта пасля. Цяпер вось самае галоўнае – мы разам з маім самым найлепшым сябрам, маім Юркам.

  Гэтак жа паўтара года назад, зусім нечакана і яшчэ не ведаючы адзін другога, мы трапілі ў адзін строй у вучылішчы і апынуліся ў адной роце, у адным узводзе і нават у адным аддзяленні. Год мы праспалі на нарах побач, і амаль кожную ноч пад ранак ён нецярпліва штурхаў мяне ў бок за маю недарэчную прывычку храпці. Нам было дужа не соладка там – зусім яшчэ навабранцам, амаль саплякам, учарашнім школьнікам, якіх жорсткі лёс вайны кінуў ад кніжнай навукі ў бязлітасную суровасць вайсковага вучылішча, з яго ўшчыльненай праграмай, бяссоннымі нарадамі, знямогласцю абарончых работ. Заўжды хацелася спаць, есці, адпачыць, а ўзводныя з нашага ж брата, курсантаў папярэдніх выпускаў, якія самі не ведалі тут паблажак, не песцілі імі і нас. Казалі, так было трэба, каб фронт здаўся раем пасля таго гранічнага напружання, да якога нас прызвычаілі ў вучылішчы. Сапраўды, дзесяць гадзін заняткаў у поўнай выкладцы, маршы, вучэнні, земляныя работы ў ваколіцах горада (будаваўся знешні абараняльны рубеж Саратава), ноччу – абавязковыя дзяжурствы на заводах, якія бамбілі немцы. Там яшчэ да фронту мы пазналі вайну, агонь і вострую жалобу па сябрах, расшкуматаных бомбамі, і па тых, хто без рэшты згарэў у вялізных пажарах.