Мертвым не балиць, частка 1

– Французы! Не, італьянцы... Не хочаце паглядзець?

  Пакінуўшы на крэслах газеты, мы ўстаём і падыходзім бліжэй да выхаду. Турысты на нас не зважаюць. Яны поўняцца жвавасцю ўласных узаемаадносін. Тонкія жанчыны ў штанах або клёшах смяюцца і кураць. Чорныя, светлыя, рыжыя прычоскі. Зіхатлівыя цёмныя позіркі. Ярка фарбаваныя вусны. Чарнявыя плячыстыя мужчыны стрыманыя і велікадушныя, як мудрацы між свавольніц. У іх свята: паездка, новая краіна, пра якую яны столькі чулі і толькі цяпер убачылі. Турботны тлум будняў яны пакінулі дома. Зайздросная рыса характару – адмяжоўваць будні ад святаў, непрыемнае ад радаснага. У нас, на жаль, так не атрымліваецца. Мы носім з сабой усё: клопаты і радасць, будні і нядзелі. У выхадны ў нас ужо зачынаецца панядзелак. Мы занадта маем у сабе з мінулага. Цяжкога, з часоў ваеннага ліха. Нешта ад шматгадовага недаверу да чалавека. Хоць тут нічога не зробіш. Пэўна, у нашай гісторыі занадта многа такога, пра што немагчыма забыцца. Таму мусіш памятаць. Нават і ў Дзень Перамогі.

  I мы маўкліва стаім каля гардэроба. Мой сусед з цікаўнасцю ўзіраецца ў твары чужаземцаў. Гэта зманліва – пранікнуць у стоены сэнс незнаёмых характараў. Але я нават і не спрабую. Французы, англічане, італьянцы для мяне – закрытая кніга. Іх я не пасцігаю. Іхняя сутнасць недзе ў іншай плоскасці разумення. Другая справа – немцы.

  Гэта страшная, часам невытлумачальная з’ява – фашызм. Але мне здаецца, я блізка да таго, каб яе зразумець. Вядома, зразумець – неабавязкова апраўдаць. Мне здаецца, гэты сфінкс разгадваецца проста: шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 аднаго боку, мараль: мэта – усё, сродкі – нішто. 3 другога: мая хата – з краю. Палітыка – не наша справа. За ўсіх думае фюрэр. Мы – маленькія людзі. I ў дадатак – самая раз’юшаная прапаганда, здольная чорнае выдаць за белае.

  Немцы нам нарабілі нямала бяды, але мы незласлівыя: хай жывуць добра. Галоўнае, каб мірна. За мінулае, здаецца, мы расквіталіся. Помста ж у гэтым выпадку не мае сэнсу.

  Пакуль мы глядзелі на турыстаў, міма нас хуткім крокампраходзяць адзін, другі – ад бар’ера. У руках – зыаёмыя аркушыкі прапускоў. Урэшце, мусіць, з’явіліся месцы. Я крута заварочваю назад і ледзьве не сутыкаюся з «законнікам». Ён з партфелем і таксама з пропускам. Абдаўшы мяне бляшаным шоргатам свайго плашча, таропка скіроўвае да ліфта. На твары ўжо заклапочанасць без ценю нядаўняе блазенскай лёгкасці. Я трохі дзіўлюся.

  – Глядзі, ужо адхапіў!

  Хлопец іранічна хмыкае.

  – Ну. Я ж казаў.

  Мы падыходзім да чаргі ля бар’ера і, вядома, спазняемся. Знайшлося ўсяго чатыры месцы. Атрымала таксама чацвёра. У тым ліку і той, без чаргі.

  Астатнім трэба чакаць.

  Маё месца за сталом пустуе. На суседнім сядзіць стомленая з выгляду, немаладая жанчына. Сусед, патаптаўшыся, моўчкі адыходзіць да бар’ера. Я саджуся.

  Чарга абураецца. Асабліва цяпер, калі «законніка» прастыў і след. Калі ён ужо, мабыць, прабуе краны і мацае матрац у нумары... А яны сварацца. Дзіўныя людзі! Калі ён лез да адміністратара, тады ўсе маўчалі. А цяпер махаюць рукамі.