Мертвым не балиць, частка 1

  Мы ехалі, мяркуючы праз гадзіну вярнуцца, наеўшыся свежага хлеба, і (калі пашанцуе), можа, яшчэ і прыхапіць якую буханачку-другую на заўтра. Дзеля хлеба мы свядома ахвяравалі сняданнем – двухсотграмоваю пайкаю, міскай супу і чаем, – нам даражэй быў хлеб.

  Праўда, загадчык склада неўзабаве расчараваў нас. Аказалася, што перш чым ехаць па хлеб, трэба прывезці мяса. Гэта было ўсё ж не тое, што хлеб, але што зробіш – калі ўлезлі ў кузаў, дык мусілі слухацца. З гадзіну мы цягалі на мясакамбінаце баранія тушы ў машыну і наклалі іх столькі, што ледзьве ўлезлі самі. На першы погляд гэта было вельмі заманліва – цэлая гара бараніны, толькі, вядома, карысці з яе мы не мелі ніякай.

  Галодныя, мы згрузілі тушы на вучылішчным складзе і, не паснедаўшы (бо спазніліся), на той жа машыне зноў выправіліся ў горад. Але і ў гэты раз хлебазавод застаўся ўбаку, мы прыехалі на базу, дзе нам была падрыхтавана яшчэ горшая нечаканка ў выглядзе цэлага штабеля мяхоў з мукой. Гэта было жахліва. Мабыць, кожны з нас упаасобку важыў меней, чым кожны з гэтых стандартных шасцідзесяцікілаграмовых мяхоў, якім мы проста не маглі даць рады. У нас занадта было мала сілы, каб падняць мех на вагі і з вагаў вынесці ў двор на машыну. Але што мы маглі зрабіць, калі напрасіліся ў грузчыкі? Праўда, памог загадчык склада, і пакуль мы мураўіным спосабам перавалаклі ўсю муку ў машыну, дык выйшла, што сілы ў нас засталося толькі на тое, каб самім залезці ў кузаў. А наперадзе чакала яшчэ і разгрузка. Да таго ж мы празявалі і абед і спазніліся ў каравульнае памяшканне. У перспектыве была гаўптвахта, а можа, і яшчэ горшае.

  Але трэці рэйс быў сапраўды па хлеб, і мы рызыкнулі – усё роўна ўжо ўліплі. Што ўжо бедаваць па якой гадзіне самавольнай адлучкі, калі мы адлучыліся з казармы ўвогуле не меней чым на восем гадзін.

  Хлебазавод сустрэў нас такой канцэнтрацыяй хлебнага паху, што мы гатовы былі забыць пра ўсе нашыя беды і наогул не вяртацца ў той дзень у вучылішча. Паджарыстымі, духмянымі да п’янасці боханамі былі выкладзены дзесяткі ячэістых сцелажоў з вузенькімі праходамі паміж імі. Цэлымі сцелажамі ўзважвалі і аддавалі на пагрузку ў машыны. Мы былі болей чым галодныя, здавалася, маглі з’есці па дзесяць буханак кожны, але з’есці нават кавалка тут было нельга. Мы думалі: хай! Пад’ямо пасля.

  Гэтае «пасля» выдарылася толькі тады, калі ў закрытай машыне мы трэсліся побач з цёплаю грудай буханак і глыталі, мабыць, не жуючы, мяккія распараныя скарынкі. Толькі ці многа можна было іх праглынуць за якіх пятнаццаць хвілін дарогі па калдобінах зімовай вуліцы? Пасля мы разгружалі, – сумленна, да апошняй буханкі. Дарэчы, кантроль на нашу працу быў усюды болей чым строгі. Але мы спадзяваліся недарма.

  Загадчык склада памучыў нас добра, але і няблага аддзячыў. На разлік мы атрымалі тры яшчэ цёплыя боханы і пусціліся ў свае казармы. Спяшацца, зрэшты, не мела вялікага сэнсу, бо на паверку мы даўно ўжо спазніліся, у гарадку ўсё сціхла, толькі па дарожках каля казармаў хадзілі патрулі. Яны і затрымалі двух вельмі падобных на зладзеяў або дыверсантаў парушальнікаў вайсковага распарадку.

  Сутычка з імі была не дужа прыемная, але затое нядоўгая. Каб не трапіць да дзяжурнага па вучылішчы і не страціць усё, давялося ахвяраваць адною буханкай. Другую мы прадбачліва прыхавалі ў снезе каля плота, а з апошняю пад палой у Юркі, ледзьве пераборваючы страх, адчынілі дзверы казармы.