Мертвым не балиць, частка 1

  Аднак нам да канца не шанцавала ў той дзень, і мы канчаткова зразумелі гэта, як толькі пераступілі парог і ўбачылі на праходзе між нараў нашага старшыну Шквару. Двое нарадчыкаў пачыналі мыццё падлогі, а старшына, па-напалеонаўску скрыжаваўшы на грудзях рукі, сцюдзёным позіркам усёбачачых вачэй глядзеў на нас. «Дзе былі? Адказвайце! Маўчаць, калі размаўляеце са старшыной! Я ў вас пытаюся, дзе былі? Маўчаць! На губу захацелі?..» I раптам старшына змяніўся: «Ану, ану, што гэта ў вас? Ану?..»

  Так беззваротна загінула наша другая сумленна заробленая буханачка, замест якой старшына тут жа надзяліў нас чатырма нарадамі (мала нам у той дзень было яшчэ працы!). Зняўшы шынялі і амаль глытаючы слёзы, мы ўзяліся шараваць падлогу.

  Мы пракліналі тады старшыну, ледзяную ваду, якую трэба было цягаць у вёдрах ад самай сталоўкі, пракліналі загадчыка склада, лкі давёў нас да такіх пакут, і ўсё на свеце. Адзіным нашым суцяшэннем была тая апошняя буханачка, якая да пары чакала нас пад плотам.

  Але тую буханачку, тую апошнюю надзею галодных, раней за нас адшукалі сабакі.

  Калі мы, ужо далёка за поўнач справіўшыся з падлогай, убачылі ля плота здратаваны сабачымі лапамі снег з чырвонымі, як кроў, крошкамі хлеба, то на хвіліну знямелі. Я гатовы быў ашалець. Юрка, мабыць, першы раз у жыцці, вылаяўся і без сіл апусціўся на снег. Я хацеў некага забіць. Мы ледзьве дабрылі да нараў...

  Праўда, назаўтра, паснедаўшы, ужо з меншай тугой паглядзелі адзін аднаму ў вочы, і ў гэтых позірках значылася: «Якія ж мы дурні!» А яшчэ праз тыдзень расказалі хлопцам пра наш злашчасны заробак. I хлопцы надрывалі жываты ад смеху. Ды і мы таксама.

  ...У хаце густы, не прадыхнуць, смурод. Нехта мармыча ў сне, нехта стогне. У двух месцах нават храпуць. На прыпечку дагарае наша апошняя «кацюша». Немец на ложку таксама заціх і, наваліўшыся на калені, спіць. На сцяне за ім змрочна цямнее яго касы і шырокі цень. Дрэмле ля парога санітар. Адзін толькі сяржант варушыцца нешта, зручней уладкоўваючы нагу, ды захінаецца ў дэсантную куртку. Пасля ён збіраецца закурыць і піхае цыгарэту ў свой мефістофельскі мунштук.

  Я папраўляю на падлозе маю небараку-нагу. Сяржант паднімае голаў.

  – Баліць?

  – Ды баліць, халера...

  – Мая таксама баліць. Удзень яшчэ цярпіма, а ўночы пячэ, як крапівой.

  – Мусіць, ноччу ўсе раны болей баляць.

  – Ну, а ты думаў!.. – згаджаецца сяржант і кажа: – Слухай, младшой, а твой немец быццам нішто.

  – Хто яго ведае. Можа, і нішто.

  – Панімаеш, – сяржант засяроджана прыкурвае ад запальнічкі. – Панімаеш, я было хацеў яго шпокнуць. Спачатку. Злы я на іх. Ёсць такая прычына. Ды гляджу – нейкі ён дужа ўжо не такі, гэты фрыц. Настаўнік. Двое дзяцей... Каб хоць буржуй які... Ці эсэс...

  Я маўчу. Я разумею ягоную прычыну і яго злосць да немцаў. Толькі я думаю: дужа ўжо спрытныя ў нас сталі на суд і расправу. Ні табе начальства, ні трыбунала: захацеў і – шпокну! Якая самаўпэўненасць! А можа, ён трэба там, дзе-небудзь у штабе. Зрэшты, мабыць, вінаваты і я – палонных трэба даводзіць да месца, а не таўчыся з імі па санітарных часцях, дзе скрозь параненыя, знерваваныя, злыя. Ну, але гэта ўжо іншая справа.