Мертвым не балиць, частка 1

  – Панімаеш, трэці раз не шэнціць, – выдыхаючы дым, сцішана кажа сяржант. – Усё не магу. Ці, можа, цюхця такі стаў?.. Першы дужа паранены трапіўся, устаць не мог. Узяў ягоную вінтоўку, думаю, зараз я цябе даканаю. Загнаў патрон у патроннік, а ён гэтак паглядзеў на мяне і кажа: «Данке, рус! Найн Сібір!» Ах ты, думаю, гад, Сібіру баішся... Тады жыві. Паспытай Сібіру. Не стаў страляць. Другога пад Залачовам сцапаў. У разведцы. Хацеў пырнуць фінкай, ды не змог – малады такі, пацан пацаном. Як наш Макоўчык. Быў такі ў роце. Худзенькі, тонкі і кашляе. Ну і адвёў у штаб. Чорт з ім, думаю. Трапіцца ж мне ўрэшце эсэс, тады сквітаюся.

  Сяржант, крэкчучы, ямчэй прыладжваецца на ложку і хвіліну прыслухоўваецца да грукату нейкай спозненай машыны за акном.

  – Заўтра эвакуіруюць... На якіх месяцы два цяпер адпачынак... Перавязкі. Сястра – вутку! Паскудства адно. Не люблю! – адразае ён і зацягваецца з свайго трафейнага мунштука. Пасля хмурыцца. – А Макоўчыка праз тыдзень асколкам у пазваночнік... Эх! Разразі цябе ў тысячу трах-тарарах!..

  Ён адмыслова лаецца пяціпавярховым матам і злосна плюе ў парог. Побач узнімае галаву Каця, і я здзіўляюся: выходзіць, яна таксама не спіць – паныла сядзіць, насцярожана скурчыўшыся, нібы адасобіўшыся ад усяго ў гэтай хаце. У яе вачах поўна слёз. Я аж палохаюся.

  – Вы што?

  Яна нават і не паварочвае галавы.

  – А табе што за дзела?

  – Ну, я так. Думаў...

  – Адстань.

  Можна і адстаць, калі няма ахвоты адказаць. Сапраўды, чаго мне набівацца са спачуваннем, хіба ў мяне мала свайго клопату і свайго болю? Да таго ж адольвае стома, і мяне таксама пачынае браць сон. Да ранку, напэўна, яшчэ далёка...

  

  

  Чым бліжэй да вакзала, тым усё больш людзей. На стаянцы таксі – вялізная чарга, якой спрытна распараджаецца дзяжурны з чырвонай павязкай. Спазнелыя пасажыры бягуць на прыгарадны поезд. З флегматычнай самотай бавячы час, па тратуары праходзіць каменданцкі патруль – двое салдат і маёр. У пятліцах – тэхнічныя эмблемы. Маёру на выгляд пад сорак пяць. Аднак, састарэлі цяпер у арміі, не тое што ў вайну... Некалі ў нас у палку самы стары афіцэр – начальнік артузбраення – меў трыццаць восем. Камандзір палка – трыццаць два. Батальёнамі камандавалі дваццаці-дваццацівасьмігадовыя хлопцы. Зрэшты, нам, узводным, яны ў той час здаваліся амаль старымі.

  Вакзальны вестыбюль гудзе ад народу. Гамана, мітусня і штурханіна. Аднак, здаецца, і плач. Сапраўды, ля дзвярэй на пероне плача жанчына, толькі нічога не відаць – цікаўны натоўп абступае яе суцэльнай сцяной. Відаць, нешта здарылася.

  Уступаючы сваёй цікаўнасці, я ўзнімаюся па прыступках на другі паверх і спыняюся ля парэнчаў. Адсюль ужо можна нешта ўбачыць. Сцэна здаецца не зусім звычайнай, прынамсі, для нашага часу. На шыі ў збянтэжанага мужчыны з амаль ужо сівой галавой вісне жанчына. Касынка яе збілася на плечы. Валасы раскудлаціліся. Яна наўзрыд плача і прыгаворвае нешта незразумелае. Развітваецца, ці што? Але куды гэта ён выпраўляецца? Мужчына з пакутніцкім тварам стрымана суцяшае яе, гладзіць па плячы адною рукой. Ля ног яго стаіць чырвоны чамадан. Але там ёсць і блізкія ім людзі. Два даволі дарослыя хлопцы – у стракатай тэнісцы і ў вельветавай куртцы – спрабуюць суцешыць жанчыну.