Мертвым не балиць, частка 1

  – Не ўдалося?

  – Што?

  – А ў гасцініцы.

  – Не. Не ўдалося, – кажу я не сваім голасам. I, нібы заварожаны, гляджу ў яго выцвілыя, нерухомыя вочы.

  – Пракляцце! Паесці не даб’ешся. Вы вячэралі?

  – Не.

  – Можа, падыдзем у рэстаран? Тут насупраць.

  Я, абмярцвеўшы, стаю. Як дурань. Як ідыёт. Ён, мабыць, і лічыць мяне ідыётам. Але я зноў не ведаю, што рабіць. Я не пазнаю яго. Сахно і не Сахно.

  – Ну? Саставіце кампанію?

  Ён ідзе між людзей у дзверы, і я збянтэжана іду за ім. Першы, самы спрыяльны момант упушчаны. Цяпер я ўжо не магу наважыцца. Мяне скоўвае сумненне. Хіба патрабаваць у яго дакументы? Або запытаць прозвішча? Аднак гэта не можа цягнуцца доўга. Я не ўтрываю.

  Мы выходзім з залы чакання. Ён азіраецца на мяне.

  – Бардзель. У нас варта пазваніць, і гасцініца забяспечана. А тут не могуць забраніраваць адно месца. Рэспубліка называецца!

  Сволач! Што ты ведаеш пра гэтую рэспубліку? Не дасталося месца ў гасцініцы? Скончыліся піражкі? А пра паўмільённую армію партызан у гэтай рэспубліцы ты чуў? Пра дзевяць тысяч беларускіх арудараў і лідзіцэ ты ведаеш? Пра два з лішкам мільёны бязвінных ахвяр? Пра тое, што і дасюль гэта рэспубліка яшчэ не дасягнула даваеннай колькасці жыхароў?

  Я ледзьве стрымліваю нервовую дрыготку ўнутры. А ён распранаецца ў гардэробе. Перад люстэркам старанна расчэсвае рэшткі свае чупрыны. Пасля мы заходзім у залу. Тут таксама бітком. Вольных сталоў няма, і мы ідзём між радоў. Але вось ля акна ўстаюць з-за стала чацвёра афіцэраў. Мы адразу займаем іх месцы. На абрусе – гара непрыбранага посуду. Ён грэбліва адсоўвае ад сябе талеркі.

  Размаўляць са мной у яго, відаць, прапала жаданне. Мусіць, субяседнік я кепскі. Але мне зусім не да размовы. Мяне точыць пытанне: ён ці не ён? У галаве зачынаецца прарэзлівы звон, рукі прыкметна дрыжаць. Ён жа мяне, напэўна, не пазнае. Ну што ж, тым лепей! Я напружваюся, як перад скачком у атаку, і пытаю ва ўпор:

  – Вы – Сахно?

  – Што? Не, не Сахно.

  Не Сахно! Іншай магчымасці дазнацца, хто ён, у мяне няма. Я напружваю розум, каб знайсці, што рабіць далей. А ён закідвае на калена нагу і адхінаецца ў крэсле. Дастае з кішэні газеты. Здаецца, ён вельмі спакойны. Зусім заняты сабой. Ніводная жылка на ягоным твары не здрыганецца. Шархочучы газетай, кідае на мяне позірк.

  – А чаму вы пытаецеся? На некага падобны? Ага?

  – Падобны.

  – Бывае, – выдыхае ён і ажыўляецца: – Я ў Харкаве аднаго інжынера, мусіць, цэлы год блытаў з бухгалтарам упраўлення. Падобныя як дзве кроплі вады.

  Чорт! Здаецца, я ўліп! Няўжо сапраўды не ён? А мо прытвараецца? Нешта адчувае і баіцца? Пэўна ж, штоколечы з свайго мінулага ўтаіў.

  Аднак не. Паводзіць сябе натуральна і ўпэўнена. Шырока разгортвае «Правду», «Труд» працягвае мне.

  – Пачытайце. Пакуль тут дажджэшся...