Мертвым не балиць, частка 1

I, не дагаварыўшы, засяроджваецца ў чытанні. Я машынальна аглядаю загалоўкі. I не разумею нічога.

  Калі не Сахно, дык гэта жахліва. Я ж мог яго пакалечыць. А калі ўсё ж ён? Няўжо я і цяпер застануся ў дурнях. Як дваццаць гадоў назад...

  Што ж, пачакаем.

  Ён чытае засяроджана і грунтоўна. За наш столік болей ніхто не садзіцца. Афіцыянтка таксама не ідзе. Я няўцямна гляджу на шчыльныя газетныя радкі і не магу заглушыць у сабе амаль роспачнага крыку памяці...

  

  

  Сон разрываецца выбухам:

  – Тр-р-рах!.. Лоп-лоп-лоп... Шы-ш-ш-ш-ш-ш...

  I яшчэ:

  – Тр-р-рах! Тр-р-рах!.. Шр-рык!

  Што гэта? Дзе гэта? Фу ты, пляснула чымсь мокрым па твары, па спіне: мурашкі ці, можа, пясок... Я ўсхопліваюся і адразу разумею – бяда!

  У хаце амаль відна, у вокнах світальны ранак. Мяне абдае хваляю сцюжы, снегавой пацярухай сыпле на галаву, за каршэнь. На падлозе збянтэжаныя твары людзей. Ля ложка, лежачы ніц, ашчапервае голаў сяржант. Зверху сыплецца перамешаная са снегам тынкоўка.

  – Тр-р-рах! – здаецца, пад самым акном грымотна б’е новы выбух.

  У акно шугае косма снегу з зямлёй. Дробныя асколкі шкла шротам абдаюць патыліцу. Міжвольна хіснуўшыся ад выбуху, я зусім пазбаўляюся ад санлявае няўцямнасці і палохаюся – дзе Юрка? Але Юрка побач, ён таксама недаўменна лыпае заспанымі вачыма і пытаецца:

  – Што такое? Га? Бамбёжка, га?

  Не, Юра, не бамбёжка і нават не звычайны агнявы налёт. Гэта іншае. Я баюся яго, гэтага іншага, ад аднае толькі думкі аб ім у мяне халадзее ўсярэдзіне. «Тр-р-рах! Тр-р-рах!» – б’юць два разрывы далей, знадворку. Там нехта ў дзікай лютасці лаецца – чуваць абрыўкі нервовай апантанай гаманы, тупат ног. Нешта там робіцца кепскае. А я з усяе сілы ўслухоўваюся скрозь гэтую мешаніну гукаў, і – прападзі яно пропадам, гэта ўчарашняе маё прадчуванне! – яно не ашуквае. Між выбухаў чуваць, як недзе далёка яшчэ, але досыць выразна і цягуча гудуць танкі.

  Ну вось і дачакаліся! Даспаліся, даадпачываліся, даспадзяваліся, так яе растак! Цяпер расхлёбвай!

  Мусіць, іншыя таксама ўжо нешта чуюць. Сяржант, за ім Каця і Юрка кідаюцца да ўшчэнт разнесеных выбухамі акон. Ускокваю на адной назе і я, яшчэ нехта шастае да акна. О, там карціна! Самая брыдкая з усіх карцін на вайне – «драп»!

  Па вуліцы, па гародах, міма нашай хаціны і воддаль бягуць з сяла людзі. Адзіночкі, групы, шалёна скачуць коні; раскідваючы абланцужанымі скатамі снег, па адной імчаць машыны. Відаць, усе, хто тут быў, рьшуліся на аколіцу, міма пабітых асколкамі мазанак, сігаючы цераз плятні, падаючы і ўскокваючы. Непадалёк, ля суседняй хаты, на вуліцы дымна палае разнесены выбухам «студэбекер». Побач з перакуленай фурманкай, канаючы, дрыгае нагамі конь. «Тр-р-рах! Тр-р-рах! Пі-і-іў... Ш-у-у-у... Тр-р-рах!» Там і тут б’юць выбухі. Але мы ўжо не зважаем на іх – мы ўпіваемся позіркам у далячынь за сялом. Там па крутаватым схіле са стэпу ўпаўзаюць у ваколіцу танкі.

  – Жвік – жвік – жвік! Тр-р-рах!