Мертвым не балиць, частка 1

  – Дай аўтамат! Я ім, у бога душу, навяду парадак!..

  Гэта так упэўнена і катэгарычна, што я адразу, не падумаўшы, аддаю яму свой ППС. Сяржант таропка скача да дзвярэй. Каця крычыць з кута:

  – Падводы! Падводы давай сюды! Чуеш?

  – Не глухі! – далятае ўжо з сянец.

  Мы зноў чакаем, прыпаўшы да закіданай друзам падлогі. У сяле бой. На ўсю грымяць танкі, гахаюць іх гарматы, імпэтна заліваюцца кулямёты. Аднак штось там застопарылася – усё ж, відаць, апомніліся «славяне», упёрліся і пакуль што трымаюцца на той ускраіне. Толькі ці надоўга?

  Юрка, мусіць, непакоіцца аб тым жа і, прыўстаўшы, пачынае выглядаць з-за касяка. Я гляджу на яго знізу, але на твары сябра ні кропелькі палёгкі. Здаецца, у гэты раз бяда ўзвалілася на нас як мае быць.

  Неўзабаве Юрка апускаецца на дол.

  – Ты ісці не можаш?

  Я варушу параненай ступнёй. Баліць, халера! Як тут ісці? Юрка без слоў разумее.

  – Так. Значыць, так. Я... Трэба туды, – ён ківае галавой за акно. – Там зусім мала. Панімаеш?

  Я разумею. Вядома ж, трэба біцца. Аказваецца, вайна для нас учора не скончылася, перадыху не будзе (дурныя наіўныя мары). Барацьба прадаўжаецца, і трэба ісці ў бой. Лацно здаровым – вунь колькі іх дало волю нагам! Нам жа выбар невялікі – палон або смерць. Ну што ж!.. Толькі вось рана...

  Юрка тым часам ссоўвае наперад кірзавую кабуру, левай рукой дастае ТТ. Магазін у яго няпоўны. Адной рукой ён няспрытна шарыць у кішэнях, дастае некалькі патронаў, нязручна запіхвае іх у магазін. Я таксама выграбаю з сваёй кішэні, што ёсць там з боезапасу. Набіраецца жменя аўтаматных патронаў, і я аддаю Юрку. Той з рашучасцю на твары, хоць, здаецца, трошкі паныла, устае на ногі.

  – Ну, трымайся...

  Ён кароценька ўсміхаецца аднымі вуснамі, і ў гэтай яго ўсмешцы – горкая абнадзеянасць, у якую ён сам не верыць. Значыць, зноў ростань, зноў ён ідзе, і, можа, на гэты раз назаўжды. Ну, вядома ж, наўрад ці ён вернецца адтуль. Але тады і я не хачу быць тут – паміраць, дык разам. I я ўсхопліваюся ў першым парыве – была не была! Так ці не так – дадумваць цяпер няма калі.

  – Дай руку...

  Ён няўцямна азіраецца, на імгненне марудзіць і нерашуча дае здаровую руку. Я ўстаю і, прытрымліваючыся за ложак, скачу ў парог. Чорт, на адной назе вельмі нязручна! Каб хоць на што абаперціся. Я прыпыняюся. Юрка наперадзе, зразумеўшы мае турботы, кідае наўкола позірк. У куце ля парога чыясь вінтоўка, ён хапае яе і дае мне. Гэта звычайны нямецкі карабін, толькі з чорнаю ложай, і я абапіраюся на яго, як на палку.

  Ужо з большай упэўненасцю мы пералазім цераз траіх забітых і выбіраемся на закіданы кавалкамі зямлі двор.

  

  

  На двары нас адразу аглушае выбух. Мы абое падаем, пасля Юрка, ускочыўшы, перабягае за рог нейкага хлеўчука. Там ён азіраецца, маючы намер бегчы далей, але я ў гэтай справе яму не раўня, і ён, прысеўшы ля вугла, цярпліва чакае мяне. А я кульгікаю на адной назе і шныпару наўкола вачыма – каб дзе якую гранату... Трэба гранаты, бо з вінтоўкай і пісталетам мы нядоўга наваюем супраць танкаў. Ад хлеўчука Юрка дабягае да пахіленага выбухам плятня і зноў прысядае. За плятнём на снезе шэрая пляма варонкі, далей заснежаны, стаптаны слядамі і закіданы гузакамі зямлі гарод.