Мертвым не балиць, частка 1

  - Пі-у-у-у!.. Ш-у-у-у!.. Пі-у-у-у-у...

  Эге, ды тут не адны толькі танкі – тут яшчэ міны! Тры перуны-выбухі скаланаюць паблізу зямлю. Між хат узлятае ў неба шызае снегавое воблака. Юрка хоча пераскочыць цераз пляцень, ды азіраецца на мяне і прысядае. Я дакульгікваю да яго і каленам апускаюся ў снег, чакаючы, пакуль скончыцца доўгі, прарэзлівы скогат мін. Б’юць з аколіцы навяснымі крутымі траекторыямі. Міны ляцяць доўга і сваім скогатам, здаецца, выварочваюць нутро. Колькі я на фронце, а ўсё не магу прывыкнуць да гэтага іх праклятага віску. Я пазіраю на Юрку – мне яшчэ не даводзілася бачыць яго пад агнём. Э, ды ён малайчына: сабрана-засяроджаны, пружыністы, хуткі! Ён бы, вядома, адным махам адолеў гэты гарод і ўжо быў бы там. Каб не я.

  – Калі тут не стрымаем, у полі – хана! – крычыць Юрка праз скрыгат, які дасягае свайго апагею і вось-вось абарвецца выбухамі.

  У такі момант не да размовы, і я ў думках згаджаюся: вядома, у полі – пагібель...

  – Тр-р-рах! Тр-р-рах! Тр-р-рах! – ззаду і з бакоў ірвуць мёрзлы дол блізкія выбухі.

  Мы распластваемся пад плятнём. Камякі зямлі б’юць па спінах, галовах, нагах, пасля на снег падаюць кавалкі сярэдняй велічыні, а земляная пацяруха яшчэ доўга будзе церусіць з неба. Юрка пасля трэцяга выбуху хуценька ўскоквае і таропка з кароценькай цеплынёй у вачах азіраецца.

  – Ты, калі што... Адрас не забыў?

  – Ну што ты!

  Адрас я памятаю: Ачынск, Прыстанскі завулак. Там жыве Юркава маці, бухгалтар-касір дзіцячага сада. Пра сябе я маўчу. Мой адрас цяпер не спатрэбіцца – ён па той бок, пад немцам.

  – Ну, давай першы! – лёгенька штурхае мяне ў плячо Юрка.

  Пэўне ж, ён не хоча адрывацца, страчваць мяне, кульгавага, з свайго поля зроку і робіць мне гэтую паблажку. Каб не адстаў.

  Абапіраючыся на карабін, я пералажу праз пахілены пляцень, раз-другі наступаю на сваю падкручаную нагу. Баліць, але трэба трываць. На адной назе не пабяжыш... Юрка, прыгнуўшыся, сігае за тры крокі побач. Моцны парыў ветру нізка сцеле чорны, кудлаты хвост дыму ад «студэбекера» з вуліцы. Хвост гэты накрывае снегавы дол, які закапцеў, нібы абсыпаны попелам. Мы кідаемся туды, пад дым, і зараз жа зноў: «Ш-у-у-у... пі-у-у-у...»

  – Ні чарта яны нам не зробяць! – крычыць Юрка. – Ану, давай хутчэй!

  Ён рэзка парываецца наперад. Нас накрывае дымам. Побач ірвуцца міны. Снегавой пацярухай б’е ў твар. На момант я перастаю бачыць і, прыгнуўшыся, тырчком лячу ў змрочную смярдзючую паласу дыму і выбухаў. Вочы заліваюцца слязамі, я ледзьве не натыкаюся на падрапаную сцяну. Падаю, выразна адчуваючы, як асколкі з лёту прапорваюць полы майго шыняля. Але ногі, здаецца, уцалелі – гэта галоўнае. Пад сцяной праціраю запарушаныя вочы і азіраюся.

  Юркі няма.

  Спачатку ні спалоху, ні жалю, адно толькі недаўменне – ён жа толькі што быў побач. Потым раптоўная трывога прымушае мяне ўсхапіцца. Шызае курава ад мін асядае, вецер трошкі адварочвае дымны хвост, і я бачу на снезе Юрку. Ён ляжыць ніцма, шырока раскінуўшы рукі, і не кратаецца.