Мертвым не балиць, частка 1

  Амаль здзічэлае ўтрапенне апаноўвае мой мозг. Не ашчаджаючы ўжо болей параненую нагу, я кідаюся назад і праз некалькі крокаў распластваюся ля Юркі. Я перакочваю яго на бок. Падстрыжаная пад бокс светлавалосая галава яго бездапаможна закідваецца патыліцай на снег. Шапкі на ёй няма. Паўзакрытыя векі сябра хутка-хутка сінеюць і зусім закрываюцца.

  – Юрка! Юрка! – крычу я, няўцямна абмацваючы ягонае цела, бо не бачу раны і не магу зразумець, куды яго ўдарыла!

  Усё ва мне нема пратэстуе супраць гэтай самай вялікай бяды: не, ён жывы, ён выжыве. З’яўляецца надзея, што яго толькі аглушыла, кантузіла выбухам. Але ён, відаць, не чуе мяне. Зубы яго чамусыді сутаргава сціскаюцца, і, не разнімаючы іх, ён ціха, у адзін выдых, гаворыць:

  – Халера... Не ўдалося...

  I затым хрыпіць, паўзакрытыя яго векі дрыжаць. На вуснах выступае крывавая пена. Ён захлёбваецца гэтаю пенай, гнутка напружваецца ў маіх руках, быццам хоча перавярнуцца на другі бок. Я палохаюся, адчуваючы, што ён канае і што я бяссільны што-небудзь зрабіць.

  – Юрка! Юрачка, куды цябе?.. Што табе?.. – недарэчна лямантую я, абмацваючы ягонае цела, і толькі цяпер адчуваю на руках кроў. Так, кроў на шынялі і на снезе пад ім.

  – Жвік-жвік-жвік! – праносіцца блізкая чарга. I зараз жа:

  – Тр-р-рах!

  Нас зноў накрывае выбухам. Ля локця, зашыпеўшы, дзёўбаецца ў снег гарачы асколак. Рудое воблака сцелецца па гародзе. Гэта ўдарылі ў мазанку, ад якой я адбегся сюды. У свядомасці мільгае водбліск кароценькай радасці – абмінула! Але толькі мяне, а не яго. Яго не абмінула, і ў гэтым маё няшчасце і, здаецца, мая пагібель. Я адчуваю, што немцы набліжаюцца. Бой з ускраіны падступае сюды. Яны зашчамілі нас у вогненныя абцугі, якія сціскаюць усё цясней. Наўкола ўжо нікога не відно, і я не ведаю, як ратаваць Юрку. Але вунь на ранейшым месцы хаціна, з якой мы гэтак нядаўна выскачылі. Ой, не ў час выскачылі, спазнела шкадую я.

  Я закідваю за спіну свой карабін, хапаю Юрку пад пахі і амаль тут жа падаю з ім разам у снег. Несці яго я не здолею. Тады я чапляюся за яго партупею і, нізка схіліўшыся, волакам цягну яго да паваленага плятня, назад у хату.

  – Жвік-жвік-жвік-жвік! Фіць-фіць!

  Гэта чэргі. Яны скрозь шкуматаюць саламяныя стрэхі, дзіравяць гліняныя сцены мазанак. У паўзах між громам выбухаў я лаўлю слыхам блізкае лязганне гусеніц – танкі ўжо на вуліцы.

  Задыхаючыся, увесь у сцюдзёным поце, я падвалакваю цежаленнае Юркава цела да парога хаціны. Там моўчкі курчацца на падлозе некалькі параненых. З кутка на мяне няўцямна азіраецца Каця.

  – Э, памажыце! – крычу я, бо ўжо не ў стане перацягнуць Юрку цераз парог. Да таго ж я вельмі баюся, што ўжо будзе позна. Я злы і чакаю, што яны кінуцца да мяне. Але кідацца тут няма каму – людзей стала зусім небагата. Так, параненыя, відаць, не чакаючы горшага, паразбрыліся, хто куды мог. Я бачу толькі Кацю, якая завіхаецца ля абгарэлага лётчыка, і некалькі цел у парозе. Ды во яшчэ немец! Сапраўды, нейкі дзівак фрыц, ён не ўцёк і, убачыўшы Юрку, жахаецца:

  – О, майн гот! Юнгофіцір!