Мертвым не балиць, частка 1

  – Майн гот табе! – ад злосці крычу я і клічу Кацю: – Сястра! Хутчэй! Хутчэй!

  Толькі Кацю, здаецца, падганяць не трэба. Яна ўжо тут і хуценька расшпільвае на Юрку партупею і рэмень. Я задыхаюся ад знямогі і падаю на дол.

  – Танкі... Танкі ўжо там!..

  Каця кідае на мяне жорсткі, бязлітасны позірк.

  – Дзе сяржант? Дзе той свалата? Ты не бачыў? – Я адмоўна кручу галавой. Каця выпальвае з лютасцю: – Уцёк, зараза! Балбатун, трапло праклятае! Страляць такіх гадаў! Падлюга! Цяпер прападаць!

  Да гэтага недалёка. Сапраўды, справы нашы кепскія. Страляць няма каму і няма чым, ды і наўрад ці паможаш гэтым бядзе. I ўсё ж дарма я аддаў таму аўтамат. Чым цяпер будзем адбівацца? Хіба што адным карабінам. Ну і ну!

  Некалькі куль з вуліцы б’юць па сценах. Адна праз акно адбівае кавалак ад печы. Нас абсыпае глінай. Каця схіляецца над Юркам, пакрыквае на немца – цяпер той памагае. Я хапаю Юрку за галаву – на скронях у яго моцна торгаюцца жылы – яшчэ жывы.

  – I на халеру я звязалася з вамі! Ужо ў Аджамцы была б! – незадаволена бурчыць Каця.

  – Хутчэй! Хутчэй, Каця! Ён жа задыхаецца... – раздражнёна прашу я.

  – Чакай ты!.. Ось яно што! – кажа Каця. Яна поркаецца пад загорнутай Юркавай вопраткай. Там усё акрываўлена.

  Я ўжо нямала бачыў акрываўленых – жывых і мёртвых, а тут не магу глядзець: гэта ж Юрка...

  – Та-а-ак... – засяроджана кажа Каця і, таропка захінуўшы сарочку, абматвае бінтом паверх гімнасцёркі.

  – Ён выжыве, га? Выжыве, Каця? – пытаюся я.

  – А я што – Бог? – з незразумелаю злосцю крычыць у адказ Каця. – Я не Бог табе!

  Пасля яна запіхвае ў сумку бінты і кідаецца да акна.

  – Дзе падводы? Дзе падводы? Дзе тая свалата балбатлівая?

  Але ні сяржанта, ні падвод няма. Наогул, нідзе амаль ужо нікога няма. У гэтым канцы сяла мы засталіся адны.

  Хату скаланае выбух. У акно патыхае пылам і трацілавым смуродам. Каця падае, мы ўсе прынікаем долу. А калі ўзнімаем галовы, бачым у дзвярах вялізную постаць у незашпіленай цёмна-шэрай куртцы з пухнатым каўняром, накінутай проста на белую споднюю сарочку. У яе разрэзе відаць валасатыя грудзі.

  – Бінта трэба! У каго ёсць бінт?

  Чалавек адной рукой заціскае рану на шыі, з якой між пальцаў у рукаў, на куртку струменямі ліецца кроў. У другой руцэ ў яго ППС. I тут я здзіўляюся – гэта ж мой ППС! Вунь і знаёмая почапка з меднай драцінкай замест трэнчыка.

  Але перш чым я спраўляюся што-небудзь сказаць, да чалавека падскоквае Каця.

  – Дзе ўзяў? Дзе ўзяў гэта? – яна рэзка тузае яго за палу курткі.

  На твары дзяўчыны лютасць. Чалавек спярша не разумее, лыпае вачыма то на Кацю, то на сваю куртку. I тады я раптам здагадваюся, што і аўтамат, і куртка былі ў нашага сяржанта, якога мы чакаем цяпер.

  – Гэта? – урэшце цяміць чалавек. – Не ўкраў. Вунь у забітага ўзяў.

  – Дзе забіты? – крычыць Каця, аж скаланаючыся ўсім целам.