Мертвым не балиць, частка 1

  Чалавек, таксама раздражняючыся, у тон ёй адказвае:

  – А ты што – пракурор? Вунь на дарозе ляжыць.

  Каця, разам абвяўшы, паныла апускаецца на падлогу. На яе твары – пакутная грымаса болю. Не адолеўшы яго, яна расслабленымі рухамі зашпільвае сумку і, не пазіраючы на яго, пытае:

  – Дзе танкі?

  – Пруць, сястра. Вам тут не месца. У хаце, стогнучы, крычыць лётчык:

  – Зараз жа адпраўляйце мяне! Не маеце права! Я да Героя прадстаўлены!..

  Каця ўскідвае на нас позірк. У яе вачах – рашэнне.

  – Выносіць! Выносіць усіх! На дарогу! Хутка! Куляй! Жыва!

  Так, выносіць! I ўсё ж гэта не самае ўдалае. Выносіць, значыць, цягнуць на сабе параненых. Толькі ці далёка пацягнеш ад танкаў?..

  I ўсё ж рабіць болей няма чаго. Седзячы тут, мы дачакаемся горшага, і я падхопліваю пад паху Юрку. Чалавек у сяржантавай куртцы абмотвае бінтом шыю і, запіхнуўшы за каўнер канцы, бярэ Юрку з другога боку. Немец без прынукі, паслужліва падскоквае да Каці. Ён ужо ў нечым шынялі і падобны на чырвонаармейца. Толькі шапка ў яго нямецкая. Удвух яны паднімаюць лётчыка.

  – Агародамі, агародамі давай! Туды, у канец! Дарогай не пройдзеш, – камандуе мой памагаты.

  Мы выграбаемся ў двор, аббягаем разбіты вугал хаты, у якой мелі прытулак, і кідаемся па гародах. Збоку цягнецца тын, наверсе якога напята заінелая калючая драціна. Мы шыбуем уздоўж тыну. Толькі я хадок усё ж дрэнны, і Каця з немцам нас абганяюць. Добра яшчэ, што ад агню ззаду прыкрывае хаціна. Але з вуліцы нас, мусіць, ужо ўбачылі. Не паспяваем мы трохі адбегчыся, як лютая чарга ўразаецца ў страху гэтай будыніны. Наверсе ўшчэнт разлятаецца комін, і аскалёпкі яго градам сыплюцца са страхі. У паветры салома і снег. Паўз нашы галовы праносяцца кулі.

  – Ото даюць, сволачы! – злосна азіраецца баец. – Такі драп наладзілі... і хоць бы табе хто! Не вайна, а расправа. Я вунь кідаўся, кідаўся з тым вашым бязногім. Чалавек з дваццаць мы затрымалі. Ды ўрэшце самі напароліся...

  Я ў нейкім няўцямным зняменні. Думкі паблыталіся. Запальчывая гарачнасць не дае мне даўмецца, як дзейнічаць лепш. Я толькі адчуваю, што Юрка гіне, што я не ўратую яго, не паспею. Мяне кідае ў жах ад таго нутранога хрыпу, якім ён заходзіцца. З рота яго ўсё пузырыцца крывавая пена, і мне здаецца, што ён задыхаецца. Я раз-пораз затрымліваю хаду і няспрытна падхопліваю яго за галаву, якая жахліва адкідваецца долу. Юрка то стогае, то раптам змаўкае, і мне здаецца: канец!

  У канцы тыну мы прадзіраемся праз тугія, як дрот, галіны вішанніку на ўзмежку. Новая блізкая чарга кладзе нас у бур’ян. Як толькі яна мінае, мой памагаты ўсхопліваецца і адхінае мяне ад Юркі.

  – Пастой! Давай я!

  Доўгі, рукасты і, відаць, дужы, ён адным махам узвальвае на спіну Юрку. Прыгнуўшыся, шырачэзным крокам шыбуе ў снег. Я азіраюся – танкі ўжо ўсе ўцягнуліся ў сяло. На касагоры па той бок пуста. Неўзабаве яны будуць тут.

  Абедзвюма рукамі абапіраючыся на карабін, я бягу за чалавекам. Цяпер мне куды лягчэй, калі б не нага...