Мертвым не балиць, частка 1

  – Чорт пабяры! – кажа ён, няспрытна паварочваючыся да мяне пад ношай. – Выскачыў без гімнасцёркі. З ёй і ўсе дакументы накрыліся. Далося ж, на халеру, заначаваць у крайняй хаце!

  «Заначавалі! – механічна паўтараю я, бо іншага і не чую. Іншае не даходзіць да мае свядомасці. – Заначавалі. I праспалі, праваронілі ўсё на свеце...»

  – А вы хто? – пытаюся я ззаду.

  – Я? Ды старшына з ДОПа. Еўсюкоў. Не чуў такога? – кажа ён, шырока сігаючы па снезе.

  Хто яго ведае, можа, і чуў. Сапраўды, у ДОПе – не ў батальёне: там нават сяржанты вядомы ўсёй дывізіі. Толькі цяпер я ўжо не прыпомню. Цяпер гэта і няважна. Я адкідваю прэч жардзіну, якая замінае, і мы пералазім у суседні гарод. Наперадзе бяжыць Каця з немцам.

  – Нічога! – супакойвае мяне або, можа, самога сябе старшына. – Стрымаюць! Павінны ж стрымаць! Што гэта за безабразіе такое!

  Так, сапраўды, няшчасце, пракляцце! Ну і сяло! Ну і ранне! Што толькі робіцца! Душа гарыць болем і крыўдай. Толькі што зробіш?

  Раптам мы чуем: Каця з немцам штось крычаць нам і паварочваюць між хат да вуліцы. Я аж прыпыняюся: і слыхам улоўліваю на секунду, як дзесьці непадалёк за хатамі грукоча фурманка. У грымоцці выбухаў мы не адразу ўчулі яе і, мабыць, спазніліся. Старшына кідаецца бягом. Я зноў адстаю. Мы перабягаем закіданы саломаю двор і выскокваем на вуліцу. Пасярэдзіне дарогі проста на нас шалёна імчыць нечым нагружаная з каптуром фурманка.

  

  

  – Стой! Стой! – крычу я з роспаччу і лютасцю, бо адчуваю, што гэта – апошняя наша магчымасць уратавацца. Другой ужо не будзе.

  – Стой! – раве Еўсюкоў.

  На мае рукі ён звальвае з сябе Юрку і кідаецца проста пад капыты коней. Але пара рыжых, відаць, напалоханая не менш за людзей, шалёна праносіцца міма. З-пад капытоў на мяне пырскае ашмёткамі снегу. У возе цэлая гара нейкіх цюкоў і зверху на іх, як на брычцы з сенам, – баец. Другі на перадку апантана паганяе коней.

  – Стой! Хусаінаў, стой!

  Старшына кідаецца наўздагон. Падвода, завярнуўшыся ледзьве не ўпоперак вуліцы, спыняецца. Да яе ўжо бягуць Каця з немцам – ім бліжэй. Я з усіх сіл валаку пад пахі Юрку. Ён усё ў непрытомнасці і страшэнна цяжкі. Ногі мае вязнуць у мяккім, як пясок, перацёртым коламі снезе – хоць бы паспець! Ззаду нас закрывае паваротак, дзе мы ўначы наскочылі на прыдзірлівага капітана. З таго канца вуліцы яшчэ не відно. Танкі яшчэ нас не бачаць.

  – Тр-р-рах! Тр-рах! Ціў-у... Бах!

  Гэта ўсё яшчэ там, за павароткам, адкуль, на нашае шчасце, выскачыла гэтая фурманка. Але што гэта – здаецца, мы ўсе ў яе не ўлезем: столькі грузу! Добра, што хоць там нейкі старшыновы знаёмы. Можа, паложым Юрку... Старшына падбягае да фурманкі і хапаецца за вяроўку, якой звязаны груз.

  – Скідай шмуццё! Згружай усё! Хутка!.. – задыхана крычыць ён таму, на самым версе воза.

  Але той, відаць, не спяшаецца разгружацца. ён яшчэ ніжэй угінаецца на сваім грузе і штурхае ездавога:

  – Пашол! Нелзя скідай! Не разрешал!