Мертвым не балиць, частка 1

  – Ты што, ачмурэў? Параненыя! – крычыць старшына і зрывае з воза вяроўку.

  Два цюкі цяжка звальваюцца на дарогу, некалькі іх кідае ўбок старшына. Баец на возе ўскоквае на шырока расстаўленыя ногі.

  – Нелзя! Я отвечал! Я распіска давал! Ён зверху нагой штурхае ў плячо старшыну. Той, аднак, хапае яго за валёнак і з сілай тузае ўніз.

  – Дурань! Прэч адсюль!

  Хусаінаў, нязграбна выгнуўшыся, падае з воза задам у снег. Старшына ў адно імгненне ўскоквае на падводу і пачынае шалёна скідваць усё на дол.

  – К чортавай матары! Людзі гінуць! – крычыць ён на возе і паварочваецца да ездавога, які спалохана трымае коней. – Ану, скідай хутчэй!

  Я з усяе сілы валаку Юрку і прагна спадзяюся на ўдачу: авось паспеем? Паспеем! Ля падводы ўжо Каця з немцам, яны падвалакваюць туды лётчыка і, пасадзіўшы яго на снег, таксама пачынаюць скідаць з фурманкі цяжкія цюкі. Цяпер мне відаць, гэта – ватоўкі, пэўна, з нейкага склада ОВС. Хусаінаў тым часам пругка ўскоквае з долу. Нешта дзіка закрычаўшы, хапаецца за карабін, які тырчыць у яго за спіной. Ён здзірае яго цераз голаў і адскоквае на крок. У той жа момант гахае стрэл. Схапіўшыся за руку ніжэй локця, старшына на возе няўцямна выпростваецца. З пальцаў на цюкі капае кроў.

  – Ах ты, гад! – пасля секунднае збянтэжанасці вызвяраецца ён на Хусаінава. – Ты так? Так, свалата?!

  – Стойце! Пастойце! Што вы робіце! – крычу я.

  Да Хусаінава прама на яго вінтоўку кідаецца Каця. Але ён ухіляецца.

  – Стралал вас буду! Убівал буду. Я распіска давал. Прыказ бірал! – У раз’юшаным гневе крычыць Хусаінаў, зноў лязгаючы затворам.

  Старшына, аднак, хутчэй за яго тузае рукаятку аўтамата і проста з грудзей б’е кароценькаю, у тры кулі, чаргой. Паўз галовы. Хусаінаў спалохана ўзмахвае рукой, нібы спрабуючы засланіцца.

  – Дурань! Ідыёт! Гад! – крычыць на возе старшына.

  Я апускаю Юрку на снег – бог ты мой, што гэта робіцца! Што творыцца! Навошта так? Але маё недаўменне тут жа знікае, зусім блізка рвецца снарад. – Тр-рах! – Пыльныя кавалкі гліны градам абсыпаюць усю дарогу. Ззаду адным канцом асядае ў снег мазанка, што стаяла на паваротку. Але гэта не міна – гэта ўжо танкі. Відаць, падыходзяць. Хутка ўлупяць і нам.

  Выбух нас ацвярожвае. Я падхопліваю Юрку. Ад воза да мяне кідаюцца Каця з немцам – дзякуй ім абодвум. На твары ў Каці адчай і рашучасць. Валасы выбіліся з-пад шапкі, паўшубак расшпілены. Немец рухава-напружаны і маўклівы, ён, здаецца, увесь у слыху. Быццам ягоная ўвага не тут, а недзе далёка, можа, там, дзе бой. Прыслухоўваецца да сваіх, Ці што? Толькі цяпер чорт з ім, цяпер бы хутчэй!

  – Хутчэй! – крычыць з падводы старшына.

  У ёй амаль ужо пуста, у дне корчыцца лётчык. Мы ўскладваем туды Юрку, следам увальваюся я. Каця скача ўжо на хаду. Ездавы бязлітасна лупіць коней. Фурманка ўздрыгвае, я ледзьве ўтрымліваюся ззаду, азіраюся – з-за паваротка пакуль нікога.

  Няўжо вырвемся?

  I раптам наперадзе трэск, агонь і грымоцце. Хмара зямлі са снегам ускідваецца да неба, і мы з лёту ўскокваем у гэта змрочнае пекла дыму, зямлі і снегу. Коні кідаюцца ўбок, фурманка жахліва хіліцца. Каб не вылецець, я аберуч чапляюся за яе борт. Побач роспачна лаецца Каця: