Мертвым не балиць, частка 1

  – Вярні! Вярні ўбок!.. Разявон!..

  Ездавы, ледзьве не ўскочыўшы з коньмі ў глыбачэзную варонку, як-колечы мінае яе. Здаецца, пранесла! Мы вырываемся з выбуху, фурманка выроўніваецца, коні кідаюцца галопам. Але тут жа пад коламі трэск – нешта ламаецца. Гэта мы наскокваем на разбітую выбухам пустую павозку. У аглоблях распластаўся на снезе конь. Пад брухам ручаіна крыві. Непадалёк пад плятнём нерухомая салдацкая постаць у скамечаным задраным шынялі.

  Я хапаюся за Юрку, аглядваю нашых. Здаецца, абышлося – усе цэлыя. Толькі старшына чамусьці не ў возе, а бяжыць за фурманкаю. Разам з немцам яны хапаюцца за перакладзіну ззаду і разгоніста сігаюць за возам. З старшыновых пальцаў на палу майго шыняля цячэ кроў.

  Фурманка шалёна кідаецца па калдобінах, я адной рукой прытрымліваю Юрку, другой напружана трымаюся за край дошкі – хоць бы не вываліцца...

  Скрозь выбухі і густое ціўканне куль мы прарываемся на аколіцу. Далей за грэбляю – шырокая балка-лагчына. Снег у доле стаптаны дзесяткамі ног людзей і коней, коламі фурманак, машын. Усе з гэтага сяла пашыбавалі туды. Мы, напэўна, апошнія. На грэблі пакінуты «ЗІС» з расчыненымі дзверцамі кабіны. Ён нізка асеў на прастрэленых скатах, касабочыцца разбіты кузаў.

  Фурманка наша зварочвае з вуліцы ў балку. Калатнечы яшчэ прыбаўляецца. Я ўжо хапаюся за барты абедзвюма рукамі.

  – Ой! Ой! Стойце! Не магу! Што ж гэта робіцца! – енчыць захутаны ў паўшубак лётчык.

  Каця моўчкі прытрымлівае яго забінтаваную галаву, каб не білася аб дошкі перадка. Ззаду мокрыя твары немца і старшыны. Яны бягуць за фурманкай. Еўсюкоў, відаць, усё не можа супакоіцца ад свае сутычкі на вуліцы і асвалачэла лаецца:

  – Дурань набіты! Абармот! Пагражае!.. За кучу вашывага шмоцця. Ось гад! Асталоп іспалніцельны! Лепш бы ўжо разгільдзяй, да з галавой каб!..

  Сапраўды, гэта жахліва: свой – свайго! За што, падумаць толькі! Добра яшчэ, што трапіў у руку. Рана ў старшыны, здаецца, не страшная, і крыві не так ужо і многа.

  Людзі групамі і ў адзіночку бягуць балкаю. Конных ужо не відаць. Далёка наперадзе хаваюцца за павароткам фурманкі. Шмат каго мы ўжо і абганяем. Ужо мы – не самыя апошнія. З’яўляецца надзея – авось вырвемся. Я падаюся да Юркі. Шынель на ім акрываўлены, мусіць, збілася павязка. Ён па-ранейшаму маўчыць, зубы моцна сцяты. Эх, Юрка! Трывай, браце, як-небудзь мацуйся, намажыся, цярпі! – малю я ў думках, ледзьве сам трымаючыся ў фурманцы. I ў гэты момант над нашымі галовамі размашыста бліскае першая агністая маланка. Мы знячэўку ўгінаемся, – далёка наперадзе ўзлятае ўгару слуп снежнага пылу. Гэта балванка.

  Мы ўсе, як па камандзе, азіраемся. Так і ёсць – танкі ўжо выйшлі на ўскраіну. На грэблі каля «ЗІСа» з-за крайніх хат іх выпаўзае з дзесятак. Некаторыя спыняюцца, бліскаюць агеньчыкамі з дымам і хутка скіроўваюць у балку, за намі следам.

  – Тр-рах! Трах! – ірве ззаду і збоку.

  Над намі ў паветры праносіцца снарад. Ягоны разгоністы фыркат кладзе нас у фурманку. Наперадзе, на схіле балкі, вырастае прыгожы клубчаста-пульхны выбух. Ззаду ў снежнай прасторы густа рассыпаецца кулямётны трэскат.