Мертвым не балиць, частка 1

  – Гані! – крычыць Каця. – Гані ты, няўклюда!

  Ездавы прыўстае на перадку і з-за пляча лупіць палкай коней.

  Тыя ўсе ў мыле і імчацца так, што, здаецца, растрасуць фурманку. Мы наганяем некалькі байцоў у расшпіленых шынялях, без дзяг. Адзін, маладзенькі, без шапкі, з абстрыжанай пад нулёўку галавой, на хаду спрабуе прычапіцца да фурманкі. Старшына гоніць яго:

  – Куды? Куды прэш?! Тут параненыя!

  Хлопец з роспаччу ў вачах збочвае і нейкі час загнана хакае побач. Я чакаю новага выбуху. Сапраўды, колькі можна праехаць на прыцэле ў танкаў? Хоць бы яны не спыніліся – з ходу яшчэ мо не пацэляць. Але ж дагоняць. Халера на яго – дзе ж тады выйсце?

  Так, гэта жахліва! «Гані, браток, гані!» – нема прашу я ездавога, ды ён і сам гоніць куды як добра. Толькі ці надоўга? Наперадзе, здаецца, паваротак. Вось бы паспець да яго!

  А кулямётны трэскат усё бліжэй.

  Тут ужо многа байцоў – маўклівыя, задыханыя, расчырванелыя, са страхам у расшыраных вачах. Імі ніхто не камандуе. Гэта тылы – абознікі, кладаўшчыкі, ездавыя, тэхнікі... Многім такая калатнеча, відаць, у навіну: да агню яны не прывыклі. Я ведаю, адзінае, што цяпер пануе над іх пачуццямі – гэта ўлада страху. Сродак да паратунку ў іх цяпер – ногі. Толькі сродак гэты не самы лепшы. Хутчэй наадварот. Гэта безвыходнасць.

  Старшына люта лаецца.

  – Стойце, растакую вашу няладную! Куды вас прэ! Задушаць, расстраляюць, як зайцаў. Стойце! Спыніцеся!

  Людзі азіраюцца на крык, толькі не спыняюцца. Незнаёмы чалавек у куртцы – для іх не начальства. Тым часам па-над самай падводай зноў фыркае. За паўсотні крокаў наперадзе выбух. Коні становяцца на дыбы і кідаюцца ўбок. Нас абдае снегам. Фурманка ледзьве не перакульваецца. Здаецца, яна вось-вось абернецца на касагоры. Нейкім цудам мы не трапляем у засыпаную снегам рытвіну.

  I раптам зусім побач на схіле я бачу знаёмага ў паўшубку і чорнай кубанцы. Адна рука пад палой: напэўна, паранена. Пусты рукаў матляецца на ветры. Гэта Сахно. Ён азіраецца на нас, твар яго разгублеыы і потны. На лбе прыліпла чорная пасма валасоў, рот шырока раскрыты.

  – Эй, рабяты! Пастой!

  – Прытрымай! – кідае ездавому Каця.

  Коні трошачкі сцішваюць бег. Сахно знясілена падбягае, а ў мяне сціскаецца сэрца: навошта ён тут? Аднак капітан, прытрымліваючы на галаве кубанку, няспрытна куляецца ў воз. Ён паранены, і ў падыспадзе майго пачуцця міжвольна мільгае злараднасць: ага, дапякло! Гэта яму не пратаколы пісаць!

  Ездавы гоніць коней. Фурманка імпэтна кідаецца на прысыпаных снегам гузаках. Недзе ззаду гахаюць запар два выбухі. Старшына лаецца.

  – Што толькі робіцца, га? I дзе начальства? Праспалі к чортавай матары ўвесь Кіраваград!

  Сахно ў возе аддыхваецца, раз-пораз клопатна азіраецца, але маўчыць. Старшына злуецца ўсё болей.

  – Разведка – хрэн ёй у вочы, шнапсу, відаць, надулася! На радасцях! Што ж: ударылі, прарваліся, пайшлі куды як добра! Давай наградныя пісаць. Ведама ж, абы на перадку ўсё па графіку, а тут што робіцца – напляваць!