Мертвым не балиць, частка 1

  А ён не адступае ад жанчыны-адміністратара. У край бар’ера ўчапіліся яго пальцы – кароткія і таўставатыя. Ён працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным, ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым. Цяпер ён нахабна-патрабавальны. Жанчына робіць вягляд, што занята паперамі і не заўважае яго. Але не заўважыць яго немагчыма. Чалавек ведае гэта і нязрушна высіцца на бар’еры. Ужо ён даб’ецца свайго.

  Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца. Паступова я страчваю катэгарычнасць першае ўпэўненасці. То здаецца – канчаткова і выразна: ён! То раптам у твары яго з’яўляецца нешта невядомае мне, чужое, першы раз убачанае. Я не ведаю, што мне рабіць, і стаю. На плечы ўзвальваецца цяжар неадольнай знямогі. Я адчуваю сябе ўшчэнт знясіленым і разгубленым.

  У гэтым маім аслупяненні мінае, відаць, шмат часу, і каля адміністратара нешта адбываецца. Здаецца, аб’яўляюць, што месцаў болей не будзе. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Нехта кажа да астатніх: «Пайшлі глядзець салют!» Нехта не згаджаецца: «Я лепш на вакзал. Пакуль лаўкі не занялі».

  Чарга ля бар’ера хутка радзее. Неяк знянацку я губляю яго і нідзе ўжо не бачу. Спахапіўшыся, падыходжу бліжэй, азіраюся. Але яго няма. Няма каля адміністратара, не відаць у вестыбюлі. Нібы ён праваліўся ў зямлю. Дзіўна!

  Тады я спыняюся перад бар’ерам і нічога не цямлю. У душы такое адчуванне, нібы па маёй віне здарылася непапраўнае. Людзей усё меншае. Жанчына з-за стала таксама пайшла, і абодва крэслы пустуюць. Мне трэба неяк сабрацца з думкамі. Крыўдна, калі ўсё гэта толькі здалося. Столькі душэўных турбот і – дарма! А калі ўсё ж ён? Што тады? Што я павінен зрабіць?

  Трэба штосьці абдумаць і нешта вырашыць. Або, не трацячы часу, дагнаць яго? Ці, можа, паклікаць міліцыю? Зрэшты, міліцыя тут ні пры чым.

  Урэшце, у гэтым кутку вестыбюля застаецца толькі адміністратар за перагародкай і нейкі п’янаваты няўдака. Падпіраючы спіной калону, ён не можа вымавіць ні слова і тупа глядзіць у падлогу.

  Туга бразгаюць дзверы, і мяне абдымае мітусня вуліцы. На тратуарах людна. Усе некуды ідуць, ідуць, ідуць – мабыць, да помніка на плошчу. Стоеная перадвячэрняя ціша поўніцца пахам тапалёвай лістоты. Бензінавым чадам патыхаюць машыны. Купка людзей ля марожаншчыцы цярпліва дамагаецца свае асалоды. Бабка з пучком пралесак у старэчых руках...

  Я немаведама куды брыду, як лунацік. Пачынае балець галава. Заўжды, калі панервуюся, мые баліць галава. У кішэнях, на жаль, аніякай таблеткі. Мусіць, трэба б ісці шукаць дзе прытулку. Але я ўжо мала што і заўважаю. У растрывожанай памяці размываюцца напластаванні гадоў і падзей. У востра-свяжуткіх вобразах паўстае даўняе і навек незабыўнае. Тое, што, як падмурак, лягло ў мой лёс і ляжыць там гіганцкім Баальбекскім каменем. Я ўжо ведаю, яго не пазбудзешся. Яго не зальеш гарэлкай. Не забудзеш у вясёлым разгуле. Яно заўжды ў сэрцы. Бо яно – гэта я.

  

  

  ...Снег. Дарога. Калона...

  Мільгаюць боты, валёнкі, гамашы. Матляюцца па ветры заснежаныя полы шынялёў. Шархацяць залубянелыя, абмёрзлыя палаткі.