Мертвым не балиць, частка 1

  Мы пачынаем маўклівую, засяроджаную яду. Я ўжо, аднак, перахацеў есці і без вялікай ахвоты выбіраю з селядца колцы цыбулі. Яшчэ я пазіраю на нашых суседзяў. Яны за спіной Гарбацюка (калі толькі ён Гарбацюк). За двума ссунутымі сталамі чацвёра хлопцаў і трое дзяўчат п’юць шампанскае. Адна, што сядзіць у дальнім канцы стала, маленькая, жывая прыгажунька. Яна ўся чорненькая, і плацце, і бровы, і знарок вольна растрэсеная капешка валасоў. Ні аднае секунды ёй не сядзіцца спакойна: смяецца, пляскае рукамі, нешта імкнецца давесці сябрам. Вочы яе так і гараць захапленнем. Да яе скіраваны позіркі ўсіх чатырох хлопцаў. Ды і дзве бландзінкі раз-пораз спыняюць на ёй свае падведзеныя чорныя вочы.

  – Вы ваявалі? – ні з таго ні з сяго проста «ў лоб» пытаюся я ў Гарбацюка. Той з годнасцю распростваецца ў крэсле.

  – А як жа! Усю вайну. На Заходнім, а пасля на Другім Беларускім.

  – А на Другім Украінскім не былі?

  – Украінскім? Не, не быў. На Украіне, на жаль, не давялося. Болей у Беларусі. У Польшчы. Берлін браў...

  Ён энергічна і са смакам працуе дужымі квадратнымі сківіцамі. I зноў той жа спакой, трохі нават ганарлівы тон – браў Берлін! Не, мусіць, я круглы дурань. Ідыёт. Ледзьве не нарабіў свінства і нахабства. I ўсё таму, што праз дваццаць год не забыўся на тое халернае мінулае. Ці не лепей махнуць на яго? Як іншыя.

  Калі б было можна...

  Гарбацюк тым часам адсоўвае пустую талерку і зноў паднімае графінчык.

  – Ну дык што? Па другой? За перамогу.

  Прыпомніў! Пасля свайго дарагога здароўя ён п’е за перамогу. Нішто ваяка! На гэты раз ён працягвае руку, і мы чокаемся. Гарбацюк адразу куляе чарку ў рот. Я нерашуча трымаю сваю ў руцэ. З-за суседняга стала, хітра і бязгучна смеючыся ўсім тварам, дакранаецца вуснамі да бакала чарнушка. Яе кампанія за сталом выбухае рогатам.

  – Эрна, восхитительно!

  – Любушка, твою лапушку!

  Плячысты бландзін у шэрай з кішэнямі сарочцы схіляецца над яе рукой. Гарбацюк азіраецца і шматзначна ківае галавой.

  – Тунеядцы напэўна?

  Я не адказваю. Посуд на стале адбівае россып рэстаранных агнёў. Побач, ля свайго століка ў прасценку, бразгае відэльцамі афіцыянтка. У зале – прыглушаны гул. Добра, што вакзальныя рэстараны яшчэ абыходзяцца без аркестраў. А то б расшчапілася галава.

  Тым часам Гарбацюк бярэцца за нож і відэлец.

  – Вы афіцэр? – пытаюся я.

  – Гвардыіі маёр запасу.

  Ён адразае кавалак біфштэкса ідцпраўляе яго ў рот. Маёр? Можа быць. Вядома, пасля капітана – маёр. Калі сапраўды не Сахно, дык, мусіць, які камандзір батальёна. А мо палітработнік? Ці пампатэх? Калі, скажам, танкіст. Калі танкіст – я яму прызнаюся ва ўсім і папрашу прабачэння. Перад танкістам я зніму шапку.

  

  

  З пагорка дванаццаць нямецкіх танкаў відаць як на далоні. Звузіўшы інтэрвалы, усе ў рад яны паўзуць па шырокай разлегласці балкі-лагчыны. Праўда, паўзуць асцярожна, відаць,не імкнучыся гусеніцамі душыць уцекачоў – яны іх нішчаць агнём. Глыбінны нутраны гул, усё мацнеючы, плыве над зямлёй.